Суд Крычаўскага раёна асудзіў 17-гадовага хлопца на «хатнюю хімію» за махлярства — ён публікаваў на «Куфры» аб’явы пра продаж гаджэтаў, выцягваў перадаплату ў пакупнікоў і знікаў, гаворыцца ў пастанове.
Летась малады чалавек выкладваў на «Куфры» аб’явы пра продаж айфонаў і іншых гаджэтаў Apple, якіх у яго не было. Ён выцягваў у пакупнікоў перадаплату, якую яму пераводзілі на картку, а пасля атрымання грошай знікаў сам і не дасылаў пацярпелым ніякіх прылад.
Такім чынам падлетак падмануў 37 чалавек, якія заплацілі яму агулам 2391 рубель 50 капеек. Яго прызналі вінаватым у махлярстве (ч. 1 арт. 209 КК) і асудзілі на «хатнюю хімію» на тэрмін 1 год 6 месяцаў. У юнака таксама канфіскавалі мабільны тэлефон.
Прысуд пакуль не ўступіў у сілу.