У беларускім выдавецтве «Вясна», што працуе ў Празе, выйшаў раман пісьменніка Мойшэ Кульбака «Зэлмэняне» — на беларускую мову з ідыш яе пераклаў Сяргей Шупа.

«Нарэшце адбылася падзея, якую мы набліжалі бяз малага два гады. Культавы менскі раман Мойшэ Кульбака цяпер у поўным беларускім перакладзе. <…>. Мы рыхтуем прэзэнтацыю ў Празе, у траўні кнігу можна будзе купіць на адмысловых імпрэзах ва Ўроцлаве, Празе, Вільні і Таліне (пра гэта пазьней, сачыце за навінамі), а пасьля — у варшаўскай „Кнігаўцы“ і яе інтэрнэт-кнігарнях. А пакуль што — замаўляйце напрасткі ў нас, пошта працуе спраўна: [email protected].», — напісалі супрацоўнікі выдавецтва ў сацыяльных сетках.
Кніга выйшла пры фінансавай падтрымцы Рэсурснага цэнтра Рады беларускай культуры і Фонду цэнтральна- і ўсходнееўрапейскіх кніжных праектаў (Амстэрдам).
Мошэ Кульбак нарадзіўся ў 1896 годзе ў Смаргоні, пісаў на ідыш. У 1920-я гады жыў у Берліне і Вільнюсе. У 1928-м вярнуўся ў Менск. У 1937 годзе ён быў забіты падчас «Ночы растраляных паэтаў». Кульбаку было ўсяго 41 год.