Для зніжэння штодзённага ўзроўню цукру ў крыві людзям з маларухомым ладам жыцця карысная ўмераная і энергічная фізічная актыўнасць у вечаровы час, піша «Хайтэк» са спасылкай на даследаванне навукоўцаў з Універсітэта Гранады (Іспанія).
Аўтары працы выявілі, што ў людзей, якія выконвалі больш за 50% фізічных практыкаванняў рознай інтэнсіўнасці ў перыяд з 18.00 да паўночы, значна зніжаўся ўзровень глюкозы ў крыві. Эфект захоўваўся на ўвесь дзень.
Навукоўцы сабралі звесткі пра актыўнасць і ўзровень цукру ў крыві для 186 дарослых з лішняй вагой ці атлусценнем. Сярэдні ўзрост удзельнікаў даследавання склаў каля 47 гадоў, а індэкс масы цела (ІМЦ) — 32,9. Для гэтай узроставай катэгорыі лішняй лічыцца ІМТ, вышэйшы за 27−28. Падчас эксперыменту ўдзельнікі цягам двух тыдняў бесперапынна насілі акселерометр для адсочвання рухаў і манітор для аналізу ўзроўню глюкозы ў крыві.
Даследчыкі класіфікавалі ўсіх удзельнікаў паводле тыпу фізічнай актыўнасці. Да тых, хто вядзе маларухомы лад жыцця, яны аднеслі людзей, што рухаліся менш за 20 хвілін на дзень. Для астатніх удзельнікаў навукоўцы вызначылі перыяд максімальнай актыўнасці — раніца, дзень ці вечар, на які прападала больш за 50% умераных і інтэнсіўных практыкаванняў.
Аналіз паказаў, што ва ўдзельнікаў, больш за 50% умеранай і высокай фізічнай актыўнасці якіх прыпадала на вечаровы час, зніжаліся дзённы, начны і агульны ўзровень глюкозы ў крыві ў параўнанні з тымі, хто вёў маларухомы лад жыцця. Гэтая сувязь не залежала ад полу ўдзельніка даследавання, але была мацнейшая пры парушанай рэгуляцыі глюкозы.
Умераная і высокая фізічная актыўнасць, як вядома, паляпшае гамеастаз глюкозы ў дарослых з лішняй вагой і атлусценнем, якія маюць вышэйшую рызыку развіцця рэзістэнтнасці да інсуліну. Але, адзначаюць эксперты, мала было вядома пра аптымальны час фізічнай актыўнасці для паляпшэння штодзённага кантролю ўзроўню глюкозы ў крыві.
«Нашыя вынікі падкрэсліваюць важнасць дакладнага прызначэння практыкаванняў. У клінічнай практыцы сертыфікаваны спартыўны і медыцынскі персанал мусіць улічваць аптымальны час дня, каб павысіць эфектыўнасць практыкаванняў і праграм фізічнай актыўнасці, якія яны прызначаюць», — адзначыў суаўтар даследавання Джонатан Р. Руіс.
Чытайце таксама


