Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

«Палі смерці» — так паліцыя амерыканскага штата Тэхас называе ваколіцы аўтамагістралі Interstate 45 паміж мегаполісам Х’юстан і Мексіканскім залівам. З 1971 да 2006 года тут, на 80-кіламетровым участку прыбярэжнай раўніны, знайшлі больш за 30 целаў, што належалі ў асноўным згвалтаваным дзяўчатам і маладым жанчынам. Акрамя таго, у гэтай жа мясцовасці знікла некалькі іншых дзяўчат, якія дагэтуль лічацца зніклымі без вестак. Хоць за гэтыя злачынствы ўжо некалькі чалавек асудзілі на пажыццёвае зняволенне і смяротнае пакаранне, поўнай яснасці з гэтымі страшнымі падзеямі няма дагэтуль. Што здарылася на «палях смерці» і чаму гэты ўчастак трасы аказаўся такім прывабным для серыйных забойцаў і маньякаў?

Адкрыццё першага «поля смерці»

У кастрычніку 1983 года ў мястэчку Ліг-Сіці напаўдарозе ад Х’юстана да Мексіканскага заліва знікла 23-гадовая афіцыянтка Хайдзі Фай. Дзяўчына выйшла з дому, дзе жыла з бацькамі, каб спадарожнай машынай дабрацца да Х’юстана і сустрэцца са сваім хлопцам. Больш блізкія яе жывой не бачылі. Толькі праз паўгода цела Хайдзі знайшлі на пустыры плошчай каля 10 гектараў на месцы старога нафтавага радовішча ля гарадской мяжы Ліг-Сіці, побач з вуліцай Колдэр-Драйв. Знайсці рэшткі дапамог сабака сям'і загінулай, які прынёс да дома яе чэрап.

Мэрия Лиг-Сити (штат Техас, США). Май 2010 года. Фото: Nsaum75, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
Мэрыя Ліг-Сіці (штат Тэхас, ЗША). Травень 2010 года. Фота: Nsaum75, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

У верасні 1984 года ў Ліг-Сіці знікла 16-гадовая Лора Мілер, што нядаўна пераехала сюды з бацькамі. Дзяўчына папрасіла маму адвезці яе да найбліжэйшай крамы, каб з таксафона побач з ёй патэлефанаваць свайму хлопцу, што застаўся ў іншым горадзе. Вярнуцца дадому яна мусіла пешшу. Пазней яе бачылі жывой на запраўцы, але да дома яна так і не дайшла.

У 1986-м цела Лоры знайшлі на тым самым пустыры, дзе раней — рэшткі Хайдзі Фай. Падчас пошукаў паліцыя зрабіла яшчэ адно жудаснае адкрыццё — неапазнанае цела трэцяй маладой жанчыны. А ў 1991-м мінакі знайшлі тут яшчэ адзін труп. Высветліць асобы гэтых ахвяр удалося толькі ў 2019 годзе — гэта былі 30-гадовая жыхарка Х’юстана Одры Лі Кук і 34-гадовая Донна Гансулен Прудом, мама дваіх дзяцей з суседняга Клір-Лэйка. Сёння гэты гарадок, як і Ліг-Сіці — фактычна прыгарад Х’юстана.

Район обнаружения первых тел в Лиг-Сити. Скриншот: Яндекс Карты
Раён знаходжання першых целаў у Ліг-Сіці (вылучаны чырвоным). Скрыншот: «Яндэкс.Карты»

Зірнуўшы на сітуацыю шырэй, паліцэйскія і супрацоўнікі ФБР, што ўзяліся за гэтую справу, прыйшлі да яшчэ больш жудаснага адкрыцця. Пустыр Ліг-Сіці быў толькі першым з вядомых на гэты момант «тэхаскіх палёў смерці» (Texas Killing Fields — літаральна «палі забойстваў у Тэхасе», але ў рускамоўных публікацыях замацавалася трохі іншая назва).

Злавесная шаша

Як высветлілася падчас далейшых расследаванняў, з пачатку 1970-х гадоў у вузкім калідоры ўздоўж трасы Interstate 45 (I-45) паміж Х’юстанам і Мексіканскім залівам знікла ўжо некалькі дзясяткаў дзяўчат і маладых жанчын. Да 2002 года (знікненні працягваліся і пасля 80-х) у гэтым рэгіёне знайшлі каля 30 ахвяр забойстваў, спалучаных са згвалтаваннем. А разам са зніклымі без вестак (то-бок людзьмі, чые целы знайсці яшчэ не ўдалося) агульная колькасць ахвяраў — каля 40.

Трасса Interstate 45 возле Хьюстона, 2006 год. Фото: dbking, CC BY 2.0, commons.wikimedia.org
Траса Interstate 45 каля Х’юстана, 2006 год. Фота: dbking, CC BY 2.0, commons.wikimedia.org

Гэта значыць, што «палі смерці» на поўдні Тэхаса пачалі з’яўляцца за 12 гадоў да таго, як знікла Хайдзі Фай. Але да часу ніхто не мог звязаць усе гэтыя падзеі ў агульную карціну. Больш за тое, у некаторых выпадках паліцыя адмаўлялася пачынаць следства, настойваючы, што зніклыя дзяўчаты і жанчыны проста збеглі з дому.

Першымі ахвярамі «палёў смерці» аказаліся 13-гадовая Калет Уілсан і 19-гадовая Глорыя Гансалес, якія зніклі ў першай палове 1971 года. Уілсан выкралі каля аўтобуснага прыпынку ў мястэчку Элвін непадалёк ад Ліг-Сіці, а Глорыя Гансалес знікла побач са сваёй кватэрай у Х’юстане. Іх рэшткі знайшлі за 35 метраў адны ад адных у вадасховішчы Адыкс у Х’юстане. Цела Глорыі Гансалес было раздзеленае, а галава Калет Уілсан аказалася прастрэленай.

Пасля гэтага ў розных мясцовасцях, прылеглых да шашы I-45, такое адбывалася рэгулярна. Задняй датай паміж імі лёгка знайсці шмат агульнага. Але гэтая сувязь больш за дзесяцігоддзе, да 1983 года, для паліцыі была невідавочная. Вось некаторыя з такіх выпадкаў.

У жніўні 1971 года дзве 14-гадовыя дзяўчынкі, Ронда Джонсан і Шэран Шоу, зніклі пасля дня, прабаўленага на пляжы Галвестана (канцавога пункта шашы I-45 на беразе Мексіканскага заліва). Праз шэсць месяцаў два хлопчыкі ўбачылі чалавечы чэрап у возеры Клір, за 15 кіламетраў на поўнач ад Ліг-Сіці. Тут знайшлі рэшткі Ронды і Шэран. Дзяўчаты былі звязаныя па руках і нагах і забітыя стрэламі ў патыліцу.

Ронда Джонсон и Шэрон Шоу. Фото: Houston Chronicle, Public Domain, commons.wikimedia.org
Ронда Джонсан і Шэран Шоу. Фота: Houston Chronicle, Public Domain, commons.wikimedia.org

У лістападзе 1971 года ў Галвестане зніклі 15-гадовыя Дэбі Акерман і Марыя Джонсан. Апошні раз іх бачылі, калі яны садзіліся ў нейкі белы фургон, што паехаў у бок крамы марожанага. Звязаныя і голыя ніжэй за пояс целы дзяўчат знайшлі ў Тэхас-Сіці недалёка ад Галвестана.

У гэтым жа месяцы ў раёне Х’юстана побач з трасай I-45 проста са сваёй кватэры знікла 12-гадовая Элісан Крэйвен. Праз чатыры месяцы яе цела знайшлі ў полі за 20 км ад месца выкрадання. Яно было раздзеленае і закапанае ў двух месцах.

16-гадовая Кімберлі Рэй Пітчфард знікла ў студзені 1973 года пасля заняткаў кіравання ў сярэдняй школе гарадка Добі, побач з аўтамагістраллю I-45. Скончыўшы заняткі, Кімберлі мусіла патэлефанаваць бацькам, каб тыя яе забралі. Але так і не патэлефанавала. Цела дзяўчыны знайшлі ў гушчары ля Энглтана, за 60 км на поўдзень — яна была задушаная.

Травеньскай раніцай 1977 года 12-гадовая Сюзанна Баўэрс выправілася добра знаёмым троххвілінным маршрутам ад бабулі да ўласнага дома ў Галвестане. Сямікласніца хацела ўзяць купальнік і пайсці на пляж. Рэшткі дзяўчынкі знайшлі толькі праз два гады — прычым са слядамі агнястрэльнага ранення на чэрапе.

Трасса Interstate 45. Фото: aaroads.com
Траса Interstate 45, 2006 год. Фота: aaroads.com

У красавіку 1981 года ў водапрапускной трубе ў горадзе Элвін (15 км ад шашы I-45) знайшлі рэшткі дзвюх дзяўчат. У іх апазналі сябровак Джорджыю Джыр і Брукс Брэйсвел, якія зніклі ў Галвестане яшчэ ў верасні 1974 года. Тады дзяўчаты 14 і 12 гадоў пайшлі ў суседні супермаркет па чыпсы і напоі — і зніклі. Паліцыя Галвестана вырашыла, што яны збеглі з дому, і не расследавала іх знікненне некалькі месяцаў.

Джорджия Джир и Брукс Брейсвелл. Фото: nzherald.co.nz
Джорджыя Джыр и Брукс Брэйсвелл. Фота: nzherald.co.nz

Смерцяў было больш

Выяўленне целаў Хайдзі Фай і трох іншых жанчын на пустыры ў Ліг-Сіці і пачатак расследаванняў не спынілі загадкавых выкраданняў і забойстваў уздоўж трасы I-45. Так, у траўні 1986 года 19-гадовая афіцыянтка Шэлі Сайкс паехала дадому пасля працы — і знікла. На наступны дзень на ўзбочыне магістралі быў знойдзены запырсканы яе крывёю аўтамабіль з пабітым лабавым шклом, але цела дзяўчыны знайсці не ўдалося.

У сакавіку 1986 года 13-гадовую Крыстал Джын Бэйкер апошні раз бачылі жывой недалёка ад шашы I-45 у Тэхас-Сіці. Яна выходзіла з дому сваёй бабулі, каб патэлефанаваць з апарата ля крамы. Цела Крыстал (унучатай пляменніцы Нормы Джын Бэйкер, больш вядомай як Мэрылін Манро) праз некалькі гадзін знайшлі пад мостам у суседняй акрузе Чэмбер. Забойца спачатку збіў і згвалціў дзяўчынку, а потым задушыў.

Кристал Джин Бейкер. Фото: nzherald.co.nz
Кристал Джын Бэйкер. Фота: nzherald.co.nz

12-гадовая балерына-пачаткоўка Лора Кейт Смітэр у красавіку 1997 года рабіла прабежку ўздоўж магістралі I-45 у Фрэнсвудзе. Дадому яна так і не вярнулася. Праз 17 дзён пасля знікнення абезгалоўленае цела Лоры дасталі з сажалкі-адстойніка ля гэтай жа шашы ў Пасадэне. З адзення на целе дзяўчынкі была толькі шкарпэтка.

Некалькі апошніх выпадкаў забойстваў жанчын на «тэхаскіх палях смерці» адносяцца ўжо да XXI стагоддзя. У 2002 годзе познім ліпеньскім вечарам 23-гадовая Сара Трасці ехала на ровары міма баптысцкай царквы ў акрузе Галвестан. На наступную раніцу ровар Сары знайшлі ўнутры царквы — а вось ні яе самой, ні нейкіх яе слядоў знайсці не ўдалося. Праз два тыдні рыбак знайшоў яе раскладзенае цела ля дамбы ў Тэхас-Сіці.

Пляж в Галвестоне. Техас, США, апрель 2020 года. Фото: CC BY-SA 2.0, commons.wikimedia.org
Марскі бераг у Галвестане. Тэхас, ЗША, красавік 2020 года. Фота: CC BY-SA 2.0, commons.wikimedia.org

У лістападзе 2006 года цягам аднаго тыдня ў двух суседніх раёнах Галвестана былі знойдзеныя яшчэ два целы. Першае з іх належала 16-гадовай Тэрэсе Ванегас, якая знікла пасля вечарынкі з нагоды Хэлаўіна за два кварталы ад месца, дзе адшукалі яе рэшткі. Дзяўчыну згвалтавалі, задушылі, а цела парэзалі. Другой была 27-гадовая Аманда Ніколь Келум. Цела збітай і зарэзанай жанчыны ляжала тварам уніз на марскім беразе непадалёк ад шашы I-45.

Месца прыцягнення для серыйных забойцаў

Пасля знаходжання цела Лоры Мілер у 1986 годзе страшны крымінальны пазл пачаў складвацца. Стала ясна, што некаторыя забойствы ў рэгіёне могуць быць звязаныя паміж сабой. Невялікаму паліцэйскаму ўпраўленню Ліг-Сіці раскрыццё такога маштабнага злачынства аказалася не па зубах, і на дапамогу яму прыйшло ФБР.

Але нават з дапамогай Федэральнага бюро расследаванняў разгадаць усе таямніцы «тэхаскіх палёў смерці» так і не ўдалося. Праз дзесяцігоддзі так і не злоўлены забойца чатырох дзяўчат і жанчын, знойдзеных на пустыры ля вуліцы Колвер-Драйв у Ліг-Сіці. У 2019 годзе ў забойстве адной з іх прызнаўся Марк Столінгс, што адбывае два пажыццёвыя тэрміны за серыю іншых забойстваў. Пацверджанняў гэтага не знайшлося, таму абвінавачанняў супраць яго не выставілі. У ЗША, дзе ёсць незалежны суд, прызнанне, як правіла, не «царыца доказаў» — для прысуду патрэбная канкрэтыка.

У смерці Лоры Мілер, таксама знойдзенай на тым пустыры, яе бацька Цім Мілер абвінаваціў свайго суседа Клайда Хедрыка. За два месяцы да знікнення Лоры ў акрузе Галвестан знайшлі цела 29-гадовай Элен Бісан, але доказаў яе забойства не было — і тады Хедрыка прызналі вінаватым у здзеку з яе трупа і асудзілі на год турмы. Праз шмат гадоў справу перагледзелі, гвалтоўная смерць дзяўчыны была даказаная, і гэтым разам Клайда Хедрыка асудзілі да 20 гадоў зняволення за ненаўмыснае забойства. Ён адбыў восем і выйшаў за добрыя паводзіны.

Цім Мілер увесь гэты час быў упэўнены, што менавіта Хедрык вінаваты ў гібелі яго дачкі. Паводле некаторых звестак, у мужчыны была доўгая гісторыя гвалтоўных злачынстваў і ён заяўляў, што ў мінулым забіў чатыры ці пяць жанчын. Праз адсутнасць доказаў для крымінальнай справы Мілер яшчэ ў 2014-м падаў супраць Хедрыка грамадзянскі пазоў, запатрабаваўшы кампенсацыі за «неправамерную смерць» Лоры. У 2022 годзе суд прызнаў за ім перамогу, і Хедрык мусіў выплаціць яму 24 млн даляраў. Склалася дзіўная юрыдычная калізія: яго прызналі адказным за смерць Лоры, але абвінавачанняў у яе забойстве так і не выставілі. Крымінальнай адказнасці па справе не панёс ніхто.

Лора Миллер. Фото: Galvestone County Sheriff's Office / Texasequusearch
Лора Мілер. Фота: Galvestone County Sheriff’s Office / Texasequusearch

Частку злачынстваў, здзейсненых на «палях смерці», раскрыць усё ж удалося. Як выявілася, уздоўж дарогі I-45 прыкладна 35 гадоў дзейнічала адразу некалькі маньякаў і серыйных забойцаў.

Зрэшты, вынікі аднаго з расследаванняў, атрыманыя яшчэ да выяўлення «поля смерці» ў Ліг-Сіці, аказаліся вельмі спрэчнымі. Пасля забойства Ронды Джонсан і Шэран Шоу ў 1971 годзе паліцыя даволі хутка выйшла на Майкла Сэлфа — работніка заправачнай станцыі, які ўжо меў судзімасць за сэксуальнае злачынства. Сэлф даў прызнальныя паказанні, і яго асудзілі на пажыццёвае зняволенне.

Пасля суда, у 1974 годзе, Сэлф падаў апеляцыю, у якой сцвярджаў, што прызнаўся ў злачынстве, якога не здзяйсняў, пасля таго як яго збіў паліцэйскі. Апеляцыю адхілілі, але праз некалькі гадоў паліцэйскіх, якія дапытвалі Сэлфа, асудзілі за «выбіванне» паказанняў з іншых падазраваных. Мужчына пасля гэтага зноў падаваў апеляцыі — і іх таксама адхілялі. У 2000 годзе Майкл Сэлф памёр у турме.

Джо Кеганс Юнит - одна из тюрем Департамента уголовного правосудия Техаса. Хьюстон, штат Техас, 2011 год. Фото: WhisperToMe, CC0, commons.wikimedia.org
Джо Кеганс Юніт — адна з турмаў Дэпартамента крымінальнага правасуддзя Тэхаса. Х’юстан, штат Тэхас, 2011 год. Фота: WhisperToMe, CC0, commons.wikimedia.org

А праз 11 гадоў у забойстве Ронды Джонсан, Шэран Шоу і яшчэ дзевяці дзяўчат прызнаўся 72-гадовы Эдвард Гаральд Бэл. Ён адбываў 70-гадовы тэрмін за забойства ў 1978 годзе марскога пяхотніка з Х’юстана, які спрабаваў перашкодзіць яму мастурбаваць перад групай дзяўчат. Яшчэ ў 1998-м ён прызнаўся ў забойствах сямі дзяўчат, напісаўшы лісты ў пракуратуру, але новых расследаванняў ніхто не пачаў, палічыўшы, што доказаў недастаткова для суда. У 2011-м ён заявіў ужо пра 11 ахвяраў. Нягледзячы на прызнанне, абвінавачанняў у гэтых забойствах яму так і не выставілі: не ўдалося знайсці ніякіх доказаў. Бэл застаўся толькі падазраваным і памёр у 2019-м.

У 1987 годзе ў забойстве Шэлі Сакс (маладой афіцыянткі, якая пасля змены паехала дадому і знікла) прызнаўся 30-гадовы Джон Кінг. Ён сам патэлефанаваў у паліцыю і расказаў, што напаў на Шэлі, згвалціў яе і задушыў разам са сваім прыяцелем Джэральдам Цварстам. Мужчын асудзілі на пажыццёвыя тэрміны за выкраданне з абцяжарвальнымі абставінамі, але факт забойства імі Шэлі Сакс суд палічыў недаказаным: ні адзін са злачынцаў не змог паказаць месца, дзе было схаванае яе цела. Кінга і Цварста апытвалі на прадмет датычнасці да іншых злачынстваў на «палях смерці», але абодва катэгарычна яе адмаўлялі.

Автомагистраль І-45 в Хьюстоне (штат Техас, США). Іюль 2019 года. Фото: Famartin - Own work, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org
Аўтамагістраль І-45 у Х’юстане (штат Тэхас, ЗША). Ліпень 2019 года. Фота: Famartin — Own work, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

У 2012 годзе, праз 16 гадоў пасля таго, як у Тэхас-Сіці апошні раз бачылі жывой 13-гадовую Крыстал Джын Бэйкер, у Луізіяне па абвінавачанні ў захоўванні наркотыкаў арыштавалі Кевіна Эдысана Сміта. Прыкладна ў гэты ж час нехта са следчых вырашыў праверыць сукенку Бэйкер на ДНК: раней, у момант яе смерці, гэтай тэхналогіі не было ў распараджэнні паліцыі. Сляды генетычнага матэрыялу Сміта на вопратцы дзяўчынкі дапамаглі даказаць яго віну. 45-гадовага мужчыну асудзілі на пажыццёвае зняволенне.

У траўні 1997 года ў Вэбстэры (яшчэ адзін горад на шашы I-45, паміж Ліг-Сіці і Х’юстанам) 19-гадовая Сандра Сапа здолела збегчы з фургона Уільяма Льюіса Рыса, які яе выкраў. Па гарачых слядах таго затрымалі і ў наступным годзе за выкраданне і замах на забойства асудзілі на 60 гадоў зняволення. У 2015 годзе генетычны аналіз паказаў, што яго ДНК супала з ДНК забойцы 19-гадовай Ціфані Джонсан (гэтае злачынства было здзейсненае ў 1997 годзе ў суседнім штаце Аклахома). Пасля гэтага выкрыцця Рыс прызнаўся ў забойстве трох дзяўчат на «палях смерці», у тым ліку 12-гадовай Лоры Смітэр, і атрымаў пажыццёвы тэрмін.

Чаму «палі смерці» былі настолькі прывабнымі для маньякаў — і чаму перасталі такімі быць?

Як так атрымалася, што нічым не выбітная шаша ў амерыканскай глыбінцы раптам стала асабліва прыцягальнай для маньякаў і серыйных забойцаў? На думку журналісткі-расследавальніцы Ліз Олсэн, аж да пачатку 2000-х гэта быў глухі раён з мноствам пустыроў. Праз яго пралягала хуткасная шаша. Мясцовасць аказалася вельмі зручнай для таго, каб, трохі ад’ехаўшы ад галоўнай магістралі, выкінуць цела — і хутка пакінуць месца злачынства.

Полицейское управление в Лиг-Сити (штат Техас, США). Июнь 2021 года. Фото: Jim Evans, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org
Паліцэйскае ўпраўленне ў Ліг-Сіці (штат Тэхас, ЗША). Чэрвень 2021 года. Фота: Jim Evans, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

Як лічыць Олсэн, «палі смерці» аказаліся зручнымі для серыйных забойцаў і таму, што знаходзіліся пад юрысдыкцыяй невялікага паліцэйскага ўпраўлення Ліг-Сіці. Абмежаванае ў колькасці персаналу і рэсурсах, яно не магло эфектыўна расследаваць і спыняць навалу цяжкіх злачынстваў, якая раптоўна на яго абрынулася. Сітуацыя пачала мяняцца пасля ўмяшання ФБР і офіса шэрыфа акругі Галвестан.

У апошнія дзесяцігоддзі «палі смерці» ўздоўж трасы I-45 пачалі хутка забудоўвацца. Цяпер гэта урбанізаваная, шчыльна забудаваная тэрыторыя. У такім выглядзе яна страціла сваю прыцягальнасць для серыйных забойцаў і маньякаў.

Чытайце таксама