Цётка жыхаркі Віцебска Паліны з узростам «зрабілася раздражняльнай, упартай, празмерна бурклівай і крыўдлівай». Жанчына пацікавілася ў створанага пад эгідай Міністэрства аховы здароўя выдання «Здаровыя людзі», ці звязаныя такія змены з узростам і як блізкім справіцца з такой сітуацыяй. На пытанні адказала дацэнт кафедры агульнай медыцынскай практыкі з курсам герыятрыі і паліятыўнай медыцыны БДМУ Людміла Жылевіч.
Магчымыя прычыны кепскага характару ў сталым узросце
Лічыцца, што пасля 60 гадоў праявы самых яркіх рысаў характару ўзмацняецца і набываюць негатыўнае адценне. Напрыклад, калі чалавек у маладосці быў проста ашчадны, то ён робіцца прагным, клапатлівы — такім, што кантралюе кожны крок сваіх блізкіх.
Сапраўды, нярэдка можна заўважыць: чым старэйшы чалавек, тым складанейшы ў яго характар. Любімыя дзядулі і бабулі раптам становяцца бурклівымі, незадаволенымі, упартымі, раздражняльнымі і крыўдлівымі. Часта такія паводзіны апраўдваюць старэчымі капрызамі. Разам з тым гэта можа быць першым званочкам, які сведчыць пра развіццё такіх захворванняў, як дэменцыя і хвароба Альцгеймера, адзначыла экспертка.
Сярод фактараў, якія так ці інакш могуць стаць прычынай змянення паводзін пажылога чалавека, можна вылучыць некалькі істотных:
- Змяненні нервовай сістэмы
Шмат у чым яны абумоўленыя ўзроставымі змяненнямі ў арганізме. Чалавек старэе, і гэтыя працэсы закранаюць усе органы і сістэмы, у тым ліку галаўны мозг. Пагаршаюцца кагнітыўныя функцыі, становіцца складаней канцэнтраваць увагу, кантраляваць эмоцыі, як станоўчыя, так і негатыўныя, з’яўляецца безуважлівасць, пагаршаецца эмацыйная лабільнасць. Узнікаюць неабгрунтаваныя страхі, у тым ліку страх смерці, павышаецца трывожнасць, чалавек адчувае сябе уразлівым і безабаронным.
- Стан здароўя
Яшчэ адна прычына пагаршэння характару з узростам — хранічныя захворванні. А ў пажылых людзей такіх паталогій можа быць некалькі. Неабходнасць у пастаянным прыёме вялікай колькасці лекавых сродкаў, наяўнасць хранічнага болевага сіндрому, абмежаванне рухальнай актыўнасці, страх перад магчымымі ўскладненнямі — толькі невялікі пералік праблем, якія любога чалавека могуць ўвагнаць у тугу. У выніку — рэгулярныя ўспышкі агрэсіі і негатыву, дэпрэсія, нежаданне жыць у гармоніі з самім сабой і навакольнымі.
- Сацыяльная ізаляцыя
Адзінота — небяспечная з’ява для пажылога чалавека. Асабліва цяжка яе перажываюць тыя, хто прывык да актыўнага ладу жыцця і зносін. Адзінота не толькі правакуе развіццё хвароб, але і значна абцяжарвае цячэнне ўжо наяўных, гэта пускавы механізм для прагрэсавання паталагічнага старэння, а ў некаторых выпадках яна можа прывесці да заўчаснай смерці. Таму нельга пакідаць пажылога чалавека сам-насам з яго праблемамі і думкамі, варта як мага часцей наведваць яго, рэгулярна тэлефанаваць, калі няма магчымасці прыйсці ці прыехаць. Пажылому чалавеку вельмі важна адчуваць сябе патрэбным і запатрабаваным.
- Развіццё захворванняў
Невялікая няпамятлівасць, трывожнасць, павышаная стамляльнасць характэрныя для многіх людзей сталага ўзросту. Аднак калі пажылы чалавек стаў залішне раздражняльным і агрэсіўным, празмерна непамятлівым і падазроным, неахайным (асабліва калі раней ён вылучаўся акуратнасцю), гэта можа быць прыкметай пачатку дэменцыі ці хваробы Альцгеймера. У такім выпадку абавязкова неабходная кансультацыя медыка. Своечасовая дапамога і лячэнне могуць адсунуць прагрэсаванне захворвання і адтэрмінаваць змяненні ў псіхіцы, зрабіць жыццё хворага больш якасным.
Што можна зрабіць
- Пазітыўныя эмоцыі
Паразуменне, падтрымка, клопат, увага і любоў у сям'і дапамагаюць згладзіць усе вострыя вуглы ў зносінах і здольныя змякчыць нават самы кепскі характар блізкага чалавека.
Трэба разумець і прымаць той факт, што негатыўныя праявы старэчага характару — не капрыз. Каб чалавек не адчуваў сябе самотным і непатрэбным, варта часцей бавіць час разам.
- Цярпенне
Пажылым людзям складаней стрымліваць эмоцыі, чым маладым. Да таго ж праз узроставыя змяненні кагнітыўнай функцыі ў людзей пажылога ўзросту не заўсёды атрымлівацца хутка падабраць патрэбныя словы або сфармуляваць фразы. Праз гэта маўленне можа падацца рэзкім, часам бесталковым, з вялікай колькасцю дэталяў або паўторам словаў.
Не варта прыдзірацца, крытыкаваць ці перабіваць пажылога чалавека. Выслухайце блізкага да канца. Пажылым бывае цяжка ўтрымаць думку, адцягваючыся на дадатковыя пытанні. Часам ім трэба проста выгаварыцца.
Падчас размовы непажадана павышаць голас, спрачацца ці высмейваць нейкія памылкі або пункт гледжання, гаварыць трэба спакойна.
- Хобі і захапленні
Знайсці захапленне і хобі даспадобы можа кожны, варта толькі праявіць фантазію. А такія заняткі, як чытанне кніг, вышыўка, вязанне, канструяванне, макрамэ, разгадванне крыжаванак, вывучэнне замежных моваў, дапамагаюць трэніраваць памяць, бо ў галаўным мозгу фармуюцца новыя нейронавыя сувязі.
Асабліва важна для добрага самаадчування пасільная фізічная нагрузка. Рэгулярныя заняткі спортам паляпшаюць цыркуляцыю крыві, стымулююць абменныя працэсы, падымаюць настрой і зараджаюць энергіяй.
- Пашырыць звыклыя межы
Апошнім часам маладое пакаленне залучае сваіх бабуляў і дзядуляў у інтэрнэт-прастору. Тыя авалодваюць зносінамі ў сацыяльных сетках, ствараюць ролікі, праходзяць навучальныя праграмы. Міжпакаленчае ўзаемадзеянне прадуктыўнае для абодвух бакоў. Бо людзі за 65 і старэйшыя — скарбніца мудрасці і досведу.
Старэйшае пакаленне асабліва адчувальнае да сацыяльнай ізаляцыі. Замкнёнасць і нежаданне камунікацыі правакуе развіццё кагнітыўных парушэнняў. Танцавальныя студыі, універсітэты трэцяга ўзросту, супольнасці пажылых людзей па інтарэсах — выдатныя спосабы пашырыць звыклыя межы зносін і кола знаёмстваў з новымі людзьмі.