У Беларусі з пачатку 2023 года з’явілася пяць ганаровых консульстваў новых краін — Сербіі, Босніі і Герцагавіны, Амана, Шры-Ланкі і Вануату. «Бюро» вывучыла, хто ўзначальвае новыя прадстаўніцтвы, і расказвае, хто яны, як звязаныя з Аляксандрам Лукашэнкам і чаму маглі трапіць на гэтыя пазіцыі.
Сайт МЗС Беларусі паведамляе, што ганаровыя консулы абараняюць у сваёй консульскай акрузе правы і інтарэсы краіны, яе юрыдычных асобаў і грамадзян, спрыяюць развіццю эканамічных, гандлёвых, навуковых, культурных і іншых сувязяў.
Ганаровыя консулы, у адрозненне ад звычайных консулаў, не займаюцца пытаннямі грамадзянства і візаў.
Сербія
Урад Сербіі ў сакавіку 2023 года абвясціў пра прызначэнне Жыварада Смількавіча ганаровым консулам у Беларусі.

Ён — кіраўнік прадстаўніцтва славенскай кампаніі Riko ў Беларусі. Фірма больш за 20 гадоў займаецца пастаўкамі ў Беларусь тэхналагічнага абсталявання, энергетыкай, экалогіяй, лагістыкай і будаўніцтвам.
У апошнія гады кампанія Riko актыўна ўдзельнічае ў шматмільённых праектах па рэканструкцыі і будаўніцтве электрападстанцый у Беларусі.
Сербскае выданне Danas цытуе дыпламата і былога амбасадара Сербіі ў нашай краіне Срэчка Джукіча, які называе Смількавіча «здольным бізнесоўцам ва ўсіх гэтых немагчымых умовах у Беларусі, улічваючы ўсе гэтыя санкцыі». Джукіч лічыць, што Смількавіч — чалавек, які дакладна «ведае Беларусь уздоўж і папярок», і што ён, безумоўна, таксама ведае сербскі істэблішмент, які цяпер знаходзіцца ва ўладзе.
Але не толькі з сербскімі ўладамі звязаны Жыварад Смількавіч. «Бюро» выявіла, што ў ліпені 2017 года Смількавіч на бізнес-джэце вяртаўся разам з Дзмітрыем Лукашэнкам і ягонай жонкай у Мінск з італьянскага горада Кальяры на Сардзініі, дзе Ганна Лукашэнка святкавала дзень нараджэння.
У 2019-м ён жа разам з сям’ёй сярэдняга сына Лукашэнкі на два тыдні паляцеў у швейцарскі Сьён. З гэтага гарналыжнага курорта яны вярнуліся ў Мінск на дзяржаўным самалёце.
Адзін з суўладальнікаў кампаніі Riko Янез Шкрабец — былы ганаровы консул Славеніі ў Беларусі. Пасля падзей 2020 года быў адкліканы ўрадам сваёй краіны з гэтай пасады. Ён неаднаразова выступаў супраць санкцый ЕС у дачыненні да Расіі і Беларусі.
Боснія і Герцагавіна
Беларускі палітык і бізнесовец Уладзімір Галабурда ўзначаліў ганаровае консульства Босніі і Герцагавіны. Калі менавіта гэтае консульства было адкрытае — у Беларусі не паведамлялася. Можна толькі з упэўненасцю сказаць, што сайт новага ганаровага консула з’явіўся ў ліпені 2024 года.
У мінулым Галабурда — дэпутат Мінскага гарадскога савета дэпутатаў, прабыў там як мінімум тры тэрміны.
Аднак Галабурда не толькі палітык, але і вядомы бізнесовец. У канцы 90-х ён заснаваў клініку па карэкцыі зроку «Аптымед». А таксама з 2007 да 2014 года быў намеснікам дырэктара кампаніі «Інгрыда Нафта». У розны час суўладальнікамі гэтай кампаніі былі «кашалёк» Лукашэнкі Аляксандр Зайцаў, а таксама бізнесоўцы з атачэння сям'і Лукашэнкі — Артур Зубарык, Людміла Няронская і Святлана Гараева.
Цяпер Уладзімір Галабурда — суўладальнік кампаніі «ІнаТэх Салюшнс». Кампанія займаецца распрацоўкай і ўкараненнем рознага праграмнага забяспечання ў сферы бізнесу, эканомікі, абароны інфармацыі і прадукцыі спецыяльнага прызначэння. У апошнія гады супрацоўнікі кампаніі публікавалі навуковыя працы ў асноўным пра энергетычны комплекс Беларусі, а таксама артыкулы «Пра этычны ўзлом» і «Python вачыма хакера» ў часопісе «Хакер».
У 2022 годзе кампанія ўвайшла ў холдынг «Геаінфармацыйныя сістэмы кіравання» з кіраўнічай кампаніяй холдынгу «Агат — сістэмы кіравання». У красавіку 2024 года «ІнаТэх Салюшнс» трапіла пад санкцыі ЗША, бо «Агат — сістэмы кіравання» пастаўляе сваю прадукцыю беларускай арміі.
Аман
Пасаду ганаровага консула Амана атрымаў Васіль Мацюшэўскі — былы першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі.
З 1998 да 2010 года Мацюшэўскі працаваў у Нацбанку, дзе яму даверылі курыраваць пытанні кіравання золатавалютнымі рэзервамі і прыцягнення замежных інвестыцый, ён таксама адказваў за міжнародную дзейнасць.
З 2014 да 2018 года займаў пасаду першага намесніка прэм’ер-міністра Беларусі, курыруючы эканамічны сектар.
У 2018 годзе Мацюшэўскі становіцца старшынёй праўлення банка «БелВЭБ».
У сакавіку 2022 года выданне «Наша Ніва» са спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што ўсё кіраўніцтва банка было затрыманае сілавікамі, але неўзабаве адпушчанае пад заклад. Далей падзеі развіваліся імкліва: 26 красавіка «БелВЭБ» афіцыйна паведамляе, што Мацюшэўскі пакідае пасаду старшыні праўлення. У той жа дзень Мацюшэўскі аказваецца на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, старшынёй КДК Васілём Герасімавым і першым намеснікам прэм’ер-міністра Мікалаем Снапковым. І ўжо 28 красавіка, праз два дні пасля нарады ў Лукашэнкі, Мацюшэўскі вяртаецца на пасаду старшыні праўлення.
Заслона таямніцы прызначэння такога дасведчанага кадра ганаровым консулам трохі прыадкрылася пасля візіту ў кастрычніку гэтага года прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі ў Аман:
«Калі для Амана адным з прыярытэтаў з’яўляецца прамысловае развіццё, развіццё ўласнай апрацоўчай прамысловасці, вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, перапрацоўкі прадуктаў харчавання, са свайго боку нам патрэбнае тое, што выдатна развітае ў Амане: лагістыка, рээкспарт тавараў, функцыянаванне свабодных эканамічных зонаў, развіццё нафтаперапрацоўкі і хімічнай прамысловасці. Таму поле для сумеснай дзейнасці велізарнае».
Вануату
Ганаровым консулам гэтай далёкай ціхаакіянскай краіны не так даўно стаў бізнесовец Аляксандр Калджыеў. Сайт яго консульства з’явіўся ў лістападзе 2023 года.

Рэспубліка Вануату размешчаная на 83 астравах у Ціхім акіяне і ў першую чаргу вядомая сваім даступным грамадзянствам (грамадзянства Вануату можна атрымаць за інвестыцыі ў памеры ад 130 тысяч даляраў) і афшорнымі паслугамі.
Аляксандр Калджыеў — адзін з суўладальнікаў беларускай кампаніі «Міруар», якая будуе пяцізоркавы спа-гатэль на 8 тысяч «квадратаў» і некалькі дзясяткаў двухпавярховых катэджаў проста на беразе Мінскага мора. Іншы суўладальнік кампаніі, грамадзянін Турцыі Шэнер Эгемен Мустафа — імаверна, уладальнік H Casino ў Double Tree by Hilton у Мінску.
У 2022 годзе Калджыеў атрымаў яшчэ і пасаду дарадцы ў кампаніі «Маркетліга» — сетцы магазінаў бяспошліннага гандлю, якая належаць Нацыянальнаму алімпійскаму камітэту і Прэзідэнцкаму спартыўнаму клубу.
Шры-Ланка
У студзені 2023 года амбасадарка Шры-Ланкі Джаніта А. Ліянаге ўзяла ўдзел у адкрыцці офіса ганаровага консула гэтай краіны ў Беларусі. Узначаліў офіс беларускі медык, дацэнт БДМУ Дзмітрый Рузанаў. Раней ён працаваў у беларускіх прадстаўніцтвах мноства еўрапейскіх фармацэўтычных кампаній. У 2017 годзе працаваў на заводзе па вытворчасці джэнерыкаў «Трайплфарм», які раней належаў Юрыю Чыжу, а цяпер ім валодаюць яго сыны, дачка і былы партнёр па бізнесе Уладзімір Япрынцаў.
У 2021 годзе Рузанава прызначылі на пасаду дырэктара РНПЦ медыцынскіх тэхналогій. А ў 2023 годзе ён атрымаў пасаду ганаровага консула Шры-Ланкі. Імаверна, гэта звязана з зацікаўленасцю беларускіх медінстытутаў у замежных студэнтах.
Нашыя здагадкі пацвердзіліся. На нядаўняй сустрэчы міністра замежных справаў Беларусі Максіма Рыжанкова з першым намеснікам кіраўніка МЗС Шры-Ланкі Аруні Ясодха Віджэварданэ, якая адбылася на саміце БРІКС, закраналася гэтая тэма.
У прэс-рэлізе МЗС Беларусі сказана, што «ў кантэксце развіцця гуманітарнага ўзаемадзеяння падкрэсленая значнасць навучання ў Беларусі студэнтаў са Шры-Ланкі, перш за ўсё ў медыцынскіх ВНУ».
Раней сярод ганаровых консулаў у Беларусі былі неаднаразова заўважаныя «кашалькі» Лукашэнкі ці бізнесоўцы з ягонага найбліжэйшага атачэння. Напрыклад, блізкі сябар Лукашэнкі Сяргей Цяцерын — ганаровы консул Грузіі ў Беларусі, а «кашалёк» Аляксандр Зайцаў — ганаровы консул Замбіі, Павел Тапузідзіс — ганаровы консул Румыніі, а Аляксандр Машэнскі — Ісландыі.