Падарожнік Аляксандр Гойшык, што выправіўся ў кругасветку, наведаў «самы лепшы» горад Азіі па яго версіі. Якраз у той краіне, што нядаўна дазволіла беларусам атрымаць візу па прылёце, — у Тайландзе. У новай частцы свайго дзённіка на «Люстэрку» ён расказвае пра зручны і добра ўладкаваны Бангкок, а таксама пра разнастайную тайскую ежу, якой, па яго словах, амаль немагчыма атруціцца.
«О, Саня, здарова! Жыве Беларусь!»
Ад Пхукета да Бангкока прыблізна 850 км. Гэта каля 15 гадзінаў аўтобусам, разам з перасадкай. Самалётам значна хутчэй, але мая ідэя — праехаць кругасветку па зямлі. Я браў квіток у апошні момант, калі месцы ў прамых аўтобусах да тайскай сталіцы былі ўжо раскупленыя. Гэтае падарожжа абышлося мне каля 25 даляраў (78 бел. руб., тут і далей пералік па курсе Нацбанка на 9 жніўня. — Заўв. рэд.). І вось на світанку 19-га красавіка я дабраўся да Бангкока — найлепшага горада ва ўсёй Азіі, на маю думку.
Тут я разлічваў затрымацца недзе на дзесяць дзён, трэба было вырашыць парачку справаў: купіць новы смартфон і перанесці на яго ўсё сваё лічбавае жыццё. А таксама схадзіць да стаматолага, бо ў Малайзіі ў мяне выпала пломба. Апроч гэтага, у Бангкоку мы дамовіліся сустрэцца з адным даволі шырока вядомым у вузкіх колах беларускім падарожнікам, з якім планавалі паездзіць па ваколіцах тайскай сталіцы.
Начлег думаў шукаць праз Booking, каб трошкі адпачыць ад новых знаёмстваў і спакойна парабіць свае справы. Але ў Сусвету былі іншыя планы на гэты конт, амаль дакладна паўтарылася гісторыя з Куала-Лумпурам, і атрымаць асалоду ад адзіноты мне не ўдалося.
Справа ў тым, што перш чым выбрацца ў Бангкок, я спрабаваў знайсці кантакты тутэйшых экспатаў (замежнікаў, хто доўгі час жыве і працуе ў нейкай краіне, звычайна далёка ад дома), хто б як мясцовы падказаў, дзе лепш купляць смартфон і добрую стаматалогію не за ўсе грошы света. Перабіраў у галаве розныя варыянты і тут пабачыў у стужцы Facebook пост віртуальнага (як акажацца пазней, насамрэч — рэальнага) знаёмага. Вядомы гід па сталіцы Тайланда, які вадзіў па горадзе розных Варламавых ды Сабчак, Антон з сапраўдным беларускім (ну амаль) прозвішчам Дранічкін. Нейкім чынам я ўжо шмат гадоў яго чытаю ў Facebook.
Вырашыў яму напісаць афіцыйна так, маўляў, даўно за вамі сачу, ведаю, што вы хіба найлепшы знаўца Бангкока сярод усіх, каго я нават віртуальна ведаю, у мяне тут парачка пытаннечкаў, можа, вы маглі б мне нешта падказаць. На што ён адказвае: «Саня, ты што, мы ж з табою знаёмыя, у Мінску тусаваліся некалі! Прыязджай, усё вырашым, усё раскажу і пакажу! Можаш у мяне ўпісацца, ніякіх праблемаў!» І скідвае адрас.
Ого, нічога сабе, вельмі прыемна! Хаця, па праўдзе, я зусім не памятаю, адкуль яго ведаю. Прыязджаю я, значыцца, у Бангкок начным аўтобусам, рана раніцою прыходжу па адрасе, які мне скінуў Антон, дзверы адчыненыя, гаспадар яшчэ спіць. Рассцілаю на падлозе свой карымат і спальнік, стомлены з дарогі, хутка засынаю. Калі прачнуўся, Антона ўжо не было дома, затое там былі іншыя госці-падарожнікі. Яны сказалі, што гаспадар хутка прыйдзе.
І вось вяртаецца Антон.
— О, Саня, здарова! Жыве Беларусь! — і працягвае руку. Я зусім разгубіўся, бо разумею, што я ўсё роўна не памятаю, хто гэта.
— Што, не памятаеш мяне? А яшчэ аднаго Антона са Слоніма памятаеш? — і называе прозвішча майго прыяцеля. — Дык вось, мы неяк у яго дома пазнаёміліся годзе недзе ў 2014-м.
І расказвае гісторыю, як ён, ужо жывучы ў Бангкоку, прылятаў дадому ў Расію на вакацыі і ездзіў у Беларусь падлячыць зубы (во дык супадзенне, а цяпер я прыехаў з такой жа мэтаю ў Бангкок). Антон дабраўся аўтаспынам з Піцера ў Мінск і шукаў, дзе б спыніцца на начлег. Каля «Макдональдса» на Кастрычніцкай ён падышоў да нейкай альтэрнатыўнага выгляду моладзі, расказаў, што і як, а таксама спытаў, можа, яны неяк дапамогуць яму з начлегам.
А сярод той моладзі нібыта былі знаёмыя майго прыяцеля-журналіста Антона, які ў той час прымаў у сябе падарожнікаў па каўчсёрфінгу. Так адзін Антон з Бангкока патрапіў у Мінску ў госці да іншага Антона са Слоніма. І вось там мы пазнаёміліся (праўда, я гэтага дагэтуль не памятаю). Ну але мяне той першы Антон запомніў добра, і цяпер ужо я патрапіў да яго ў госці ў Бангкоку. Які маленькі свет, далібог!
Антон Дранічкін жыве ў Тайландзе ўжо 15 гадоў, вывучыў нават тайскую мову. Водзіць вельмі крутыя экскурсіі па сталіцы і ведае ў гэтым казачным горадзе кожны закуток. Паказаў мне гандлёвы цэнтр з найлепшым выбарам электронікі па добрых коштах і якасную стаматалогію, дзе мне ўсё зрабілі зусім нядорага.
Вось так Сусвет і мой падарожны анёл-ахоўнік дапамаглі мне вырашыць усе мае праблемы найлепшым чынам праз такога светлага і цікавага чалавека. Сапраўдныя падарожныя цуды! Кожная паслядоўнасць падзеяў з’яўляецца правільнай, гэтая жыццёвая філасофія яшчэ ніколі мяне не падводзіла.
За крытыку караля і членаў яго сям'і можна трапіць за краты нават на 15 гадоў
Бангкок — сапраўдны горад-казка з насельніцтвам у 5,5 млн чалавек (ва ўсёй агламерацыі, вядомай як «Вялікі Бангкок», жыве больш за 11 млн). Гэта мікс разнастайных культураў з выдатнай інфраструктурай, лічыцца адным з найбольш прывабных для турыстаў гарадоў свету. Агромністы мегаполіс, дзе я сапраўды адчуваў сябе настолькі камфортна, што нават падумаў, як файна было б пажыць тут некаторы час. Выдатная сістэма падземнага і надземнага метро, таннае мотатаксі, якое дае магчымасць хутка дабрацца ў любую кропку, не стоячы ў бясконцых корках.
Тут нават ёсць рачныя трамваі. Дзякуючы ім за невялікія грошы (менш чым паўдаляра ці 1,6 рубля) можна праплыць па рацэ Чаўпхраі — асноўнай воднай артэрыі сталіцы — і шматлікіх каналах. А таксама палюбавацца галоўнымі турыстычнымі цікавосткамі і пабачыць сапраўднае нетурыстычнае жыццё горада і ягоных жыхароў.
Гістарычны цэнтр — з буддыйскімі святынямі ў традыцыйным тайскім стылі, Вялікі Палац — цырыманіяльная рэзідэнцыя караля Тайланда, цікавы кітайскі квартал і шматлікія паркі.
Тайланд — адзіная краіна ў Паўднёва-Усходняй Азіі, якая ніколі не была каланізаваная. Тайцы вельмі ганарацца тым, што іхняя краіна заўжды была незалежнай і захавала манархію. Дзякуючы сваім кіраўнікам, якія праводзілі граматную палітыку, Тайланд стаў буфернай зонай паміж калоніямі тагачаснай Брытанскай імперыі і Францыі, захаваўшы сваю незалежнасць.
Каралеўская ўлада збераглася да нашага часу, фармальным кіраўніком Тайланда з’яўляецца кароль, які прызначае прэм’ер-міністра і зацвярджае ўсе рашэнні дзяржаўных чыноўнікаў, з’яўляецца галоўнакамандуючым Узброенымі сіламі і нават прызначае лідара апазіцыі.
Мне здаецца, адзін «чык-чырык» у цэнтры Еўропы таксама хацеў бы назваць сябе каралём, але ж яму не пашчасціла ні з рэгіёнам, ні з народам.
Дарэчы, згодна з канстытуцыяй Тайланда, за крытыку караля і членаў яго сям'і можна трапіць за краты нават на 15 гадоў! Дзейны кароль Рама Х з’яўляецца даволі скандальнай персонай, што прывяло да росту крытыкі манархіі сярод тайскай моладзі, які справакаваў шматтысячныя пратэсты ў 2020−2021 гадах. Праўда, гэта не прывяло да тысячаў палітзняволеных і сотняў тысячаў палітэмігрантаў.
«Зрабілі фота на памяць з каралеўскай паліцыяй Тайланда і паехалі з мігалкамі»
У Бангкоку я дамовіўся сустрэцца і развіртуаліцца са сваім даўнім фэйсбучным прыяцелем, калегам-падарожнікам Сашам з Беларусі. Ён таксама шмат вандруе па свеце, але неяк нашыя маршруты ўвесь час разміналіся, таму было асабліва прыемна пазнаёміцца ўжывую ў такім крутым горадзе. Разам з ім мы абышлі, напэўна, усе самыя цікавыя месцы ў сталіцы Тайланда, пракаціліся турыстычным паромам па рацэ Чаўпхраі з выдатнымі краявідамі гістарычнага цэнтра, прагуляліся па кітайскім квартале і наведалі знакамітыя начныя «фуд-маркеты» — кірмашы з вулічнай ежай.
На маю думку, тайская кухня — адна з самых смачных. Знакаміты востры тайскі суп том ям нават з’яўляецца прэтэндэнтам у сусветны спіс нематэрыяльнай культуры ЮНЭСКА! Там ўжо знаходзіцца італьянская піца, узбекскі і таджыкскі плоў, а таксама цалкам уся мексіканская кухня. Гэты вельмі смачны суп з крэветкамі, рыбай ці мясам — адна з візітовак Тайланда, разам з пад-тай — смажанай рысавай локшынай з рознымі дадаткамі.
Ежы ў Тайландзе вельмі шмат, выбар на любы густ. Можна паесці на тры даляры (9,4 бел. руб.), а можна і на 100 даляраў (313 бел. руб.) — і ўсё будзе аднолькава смачна. Дзіўныя спалучэнні рыса ці локшыны з морапрадуктамі ці мясам, а таксама разнастайнымі соусамі і прыправамі робяць сапраўдны гастранамічны цуд, як на мой густ. Усё гатуюць на вашых вачах, самыя простыя будкі з вулічнай ежай заўжды выглядаюць эстэтычна і ахайна, таксама як і дарагія рэстараны. А як гэта ўсё пахне!
Усе інгрэдыенты максімальна свежыя, вялікая ўвага надаецца гігіене — гэта адна з адметнасцяў тайскай кухні (у адрозненне ад кухні індыйскай, напрыклад). Як вы ўжо маглі здагадацца, у Тайландзе я проста патрапіў у кулінарны рай: вышэй згаданыя суп том ям і лапша пад-тай, смажаны рыс као-пад і розныя гатункі соусаў кары з морапрадуктамі ці мясам, востры салат з папаі ці му-сатай — маленькія кавалачкі мяса з грыля на палачцы. Я быў гатовы з’есці ўсё!
Пасля заходу сонца паўсюдна расстаўляюцца імправізаваныя кірмашы з вулічнай ежай, дзе можна паспрабаваць сотні розных самых смачных страваў і пры гэтым не баяцца атруціцца: кожны гандляр трымае сваё месца ў чысціні.
Вельмі часта кропка з такой ежай з’яўляецца мабільнай, калі пліта месціцца непасрэдна на матацыкле. Усё вельмі экзатычна і незвычайна, на любы густ і гаманец. Звычайна порцыя каштуе недзе тры-пяць даляраў (9−16 руб.), але ў больш турыстычных месцах можа быць значна даражэй (і не нашмат смачней).
У адзін з выходных выбраліся з Сашам павандраваць па ваколіцах сталіцы — на плывучы базар і разрэкламаваны кірмаш на чыгуначных рэйках. Каб туды дабрацца, пракаціліся прыгарадным дызелем, квіток на 40 км каштаваў прыблізна 0,2 даляра (63 капейкі) — выдатная магчымасць адчуць сапраўдны, не турыстычны Тайланд.
Нажаль, сам базар не ўразіў: занадта шматлюднае месца, дзе турыстаў у разы больш, чым гандляроў. Таму вырашылі з’ездзіць таксама на бераг мора непадалёк, паглядзець будыйскую святыню і наведаць знакаміты кірмаш з морапрадуктамі.



Каля храма пачулі выбухі і пабачылі цікавую тайскую традыцыю, калі падпальваюць звязку петардаў і закідваюць у спецыяльную металічную печку. Нібыта гэта робіцца, каб адпужваць злых духаў і падзякаваць Будзе за здзейсненыя пажаданні. Грукат стаіць неверагодны!
Пачаставаліся смачным кальмарам з грыля — усяго два даляры (6,3 бел. руб.) — і хацелі паехаць у наступнае месца. Аднак высветлілася, што туды нічога нічога не ходзіць, а таксі даволі дарагое.
Праходзілі каля паліцэйскага пастарунка, вырашыў зайсці туды спытаць, можа, ёсць нейкі іншы варыянт, як дабрацца да бліжэйшага райцэнтра. А там нам кажуць, што вам вельмі пашчасціла патрапіць да нас у самы правільны момант, мы акурат туды едзем і з радасцю вас падвязём. Зрабілі фота на памяць з каралеўскай паліцыяй Тайланда і паехалі з мігалкамі! Сапраўдныя падарожныя цуды, паспрабуйце сабе такое ўявіць у Беларусі.
Чыгунка, што падобная да беларускай, былая сталіца і цэнтр будызму
Праз тыдзень да мяне на вакацыі павінна была прыляцець мая дзяўчына — украінка з Гватэмалы, якую я сустрэў на самым пачатку свайго падарожжа. Бангкок, канешне, вельмі цікавы горад, але ж хацелася яшчэ паглядзець Паўночны Тайланд. Таму я вырашыў з’ездзіць у Чыангмай, галоўны горад у гэтым рэгіёне. Квіток у спальным купэ на начны цягнік каштаваў 23 даляры (72 руб.) за 800 км і 13 гадзінаў у дарозе. Можна праехаць у сядзячым вагоне усяго за сем даляраў (22 руб.), але без кандыцыянера гэта можа быць так сабе прыгода, улічваючы надзвычайную спёку і вільгаць.
Тайскія цягнікі адрозніваюцца ад таго, чым я ездзіў у Інданезіі і Малайзіі. У нечым чыгунка падобная на нашую. Праўда, тут праваднік засцілае кожнаму пасажыру чыстую пасцель, а раніцаю сам усё складае, таму не трэба «здаваць бялізну». Кожнае спальнае месца занавешваецца фіранкай, што дадае камфорту. Ну і гарбату тут праваднікі не разносяць, яе можна выпіць у спецыяльным вагоне-рэстаране, як і пад’есці смачнай тайскай ежы.
Чыангмай — цікавы гістарычны горад, адзін з цэнтраў тайскага будызма. У старой ягонай частцы і ваколіцах знаходзяцца каля 300 ватаў — будыйскіх храмаў, вакол шмат сцежак для хайкінгу.
Напэўна, больш за ўсё мяне ўразіў Срэбны храм, з вельмі незвычайным інтэр'ерам, аздобленым срэбрам і алюмініем. Дарэчы, туды забаронены ўваход жанчынам, я больш нідзе такога не бачыў.
Каля кожнай святыні можна пабачыць вялікія плакаты з заклікам паважаць мясцовыя звычаі, не шумець і трымацца дрэс-коду, прадубляваныя таксама на рускай і кітайскай мовах.
Мой хост на каўчсёрфінгу, мясцовая прадпрымальніца, якая здае кватэры па Airbnb, расказвала, што пасля аб’яўлення мабілізацыі ў Расіі у яе значна паболела кліентаў адтуль, і вельмі часта яны праблемныя.
Апроч Airbnb, яна мае яшчэ адзін бізнэс — англамоўны дзіцячы садок, дзе працуюць валанцёры, якія прыяжджаюць да яе праз WorkAway. І акрамя гэтага, яна прымае падарожнікаў праз каўчсёрфінг.
У адзін з дзён яна сабрала нас усіх — чатырох валанцёраў, якія працуюць у яе садочку (адзін амерыканец і трое зусім маладых немцаў), і мяне — ды павезла паказваць ваколіцы Чыангмая.
Мы паглядзелі некалькі цікавых святыняў, наведалі «слановы санаторый», падобны на той, што я апісваў у мінулай серыі сваіх нататак. Але тут было больш сланоў і кантакт з імі быў куды больш блізкі. А таксама выбраліся на невялікі хайкінг у нацпарк непадалёку, дзе пасля некалькіх кіламетраў пад палячым сонцам мне было асабліва прыемна зладзіць несанкцыянаваную Мінгарвыканкамам акцыю «Акунуся за Беларусь!» у халоднай горнай рацэ ў невялічкім каньёне.
Увечары выбраліся на кірмаш вулічнай ежы, мясцовая кухня адрозніваецца ад іншых рэгіёнаў Тайланда. Больш за ўсё мне запомніўся востры суп са свіной крыві (порцыя каштавала 1,2 даляра ці 3,8 беларускага). Яно нібыта смачна, але калі разумееш, што ты ясі, то ўражанні трохі мяшаныя.
Па дарозе назад у Бангкок таксама наведаў Аюттхаю — першую сталіцу Тайланда. Мой цягнік прыбываў а сёмай раніцы. Таму я напісаў у хостэл, які загадзя забраніраваў, ці можна будзе засяліцца раней, чым а 14-й, гэта стандартны «чэк-ін» час. Яны нічога не адказалі — і я проста прыйшоў туды, асабліва ні на што не разлічваючы. Думаў, можа, хаця б дазволяць пакінуць заплечнік, каб я змог пайсці гуляць у горад, не цягаючы свае клункі з сабою. Наколькі моцным было маё здзіўленне, калі мне дазволілі адразу ж засяліцца, і нават без дадатковай даплаты. Такое здараецца сапраўды рэдка! Вельмі ўтульны і чысты хостэл літаральна ў 50 метрах ад адной са старажытных святыняў, усяго за восем даляраў (25 руб.) за ноч.
У Аюттхаі — цікавыя храмавыя комплексы са старадаўняй гісторыяй, разбураныя ў выніку варварскіх набегаў бірманцаў. Напэўна, самае знакамітае месца тут — Пхра-Махатхат, з галавою Буды, якая ўрасла ў карані дрэва.
Вельмі незвычайнае відовішча, якое прыцягвае натоўпы турыстаў. А заход сонца над храмавымі комплексамі — гэта ўвогуле нешта фантастычнае!
Надышоў час вяртацца ў Бангкок, каб сустрэць там каханую і правесці разам тры тыдні чароўных вакацыяў. Дызель да сталіцы каштаваў усяго 0,3 даляра (93 капейкі) за сто кіламетраў. Засяліўся ў кватэру, якую мы загадзя знялі праз Airbnb. Падрыхтаваў для яе невялікі сюрпрыз і паехаў у аэрапорт, дзе мы нарэшце сустрэліся пасля пяці месяцаў расставання. Пра наш адпачынак на райскай выспе Ко-Чанг у Тайландзе і вандроўку у вядомы на ўвесь свет Ангкор-Ват у Камбоджы я раскажу ў наступнай серыі маіх падарожных нататак.
Читайте также


