Навігацыйнае папярэджанне, апублікаванае Польскім агенцтвам аэранавігацыі 2 лютага, нарабіла шмат шуму. Многія беларускія, расійскія і ўкраінскія СМІ (прыклады: раз, два, тры) — і «Люстэрка» ў тым ліку — патрактавалі яго як папярэджанне пра магчымыя «ваенныя дзеянні» з 5 лютага. Насамрэч гэтая навіна зусім не такая пагрозлівая, як можа падацца, — тлумачым чаму.
Польскае агенцтва аэранавігацыі 2 лютага апублікавала чарговы NOTAM (абрэвіятура ад англійскага словазлучэння Notice To Air Missions — паведамленне лётнаму складу) пад нумарам N0604/2024. Такія паведамлення авіяцыйныя ўлады розных краін рэгулярна выпускаюць, каб папярэдзіць пілотаў самалётаў пра з’яўленне часовай небяспекі на маршруце палёту.
Сапраўды, часам NOTAM так ці інакш звязаны з блізкімі баявымі дзеяннямі. Так, 13−19 лютага 2022 года, перад пачаткам поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну, Расія з дапамогай такіх апавяшчэнняў закрыла для палётаў цывільных самалётаў значную частку Чорнага мора і амаль усё Азоўскае (пад выглядам вайсковых вучэнняў з ракетна-артылерыйскай стральбой). Аднак тым разам інфармацыя пра пачатак расійскага ўварвання ва Украіну паступала і з многіх іншых крыніц — напрыклад, ад разведкі ЗША. У адрыве ад гэтага выпуск NOTAM — не пацверджанне блізкага ваеннага канфлікту.
Паведамленне пра вайсковыя вучэнні з дапамогай NOTAM — гэта норма для перыяду падрыхтоўкі і правядзення манеўраў. Чаму ж шараговае навігацыйнае папярэджанне Польскага агенцтва аэранавігацыі, зробленае на просьбу польскіх вайскоўцаў, нарабіла столькі шуму ў СМІ?
Мяркуючыз усяго, рэч у не зусім карэктным перакладзе. У польскім арыгінале абвесткі ёсць фраза пра тое, што ў абазначаным на прыкладзенай карце раёне «mogą wystąpić nieplanowane działania wojskowe związane z zapewnieniem biezpieczeństwa państwa». Калі меркаваць з публікацый у СМІ, многія журналісты пераклалі гэты фрагмент тэксту як «могуць адбыцца незапланаваныя ваенныя дзеянні, звязаныя з забяспечаннем бяспекі дзяржавы».
Недакладнасць тут заключаецца ў перакладзе словазлучэння działania wojskowe як «ваенныя дзеянні» (што ў беларускай і рускай мовах звычайна значыць выкарыстанне Узброеных сіл бакоў для вядзення вайны). Насамрэч у польскай мове «ваенныя дзеянні» — гэта działania wojenne (і нават гэты тэрмін мае крыху іншае значэнне), а działania wojskowe карэктней перакладаць як «вайсковая дзейнасць» (або, калі зусім літаральна, — «вайсковыя дзеянні»).
Такім чынам, польскія вайскоўцы праз NOTAM ад 2 лютага паведамілі лётчыкам пра тое, што з 5 лютага да 5 траўня 2024 года ў раёне, абазначаным на карце, можа адбывацца не запланаваная раней вайсковая дзейнасць. Прыкладам такой актыўнасці можа быць падняцце па трывозе чатырох знішчальнікаў F-16 2 студзеня падчас чарговага расійскагага масіраванага ракетнага ўдару па Украіне. Гэта цалкам апраўданая з вайсковага пункту гледжання мера — бо расійскія ракеты пасля пачатку ўварвання ва Украіну ўжо не раз (прыклады тут і тут) уваходзілі ў паветраную прастору Польшчы. А знішчальнікі могуць выявіць такіх нечаканых гасцей — і ў выпадку неабходнасці збіць іх.
Паколькі расіяне, відавочна, не паведамляюць польскім вайскоўцаў пра час, на які яны плануюць бамбардаванне ўкраінскіх гарадоў, для польскага боку такія ўзлёты па трывозе — незапланаваныя. Але яны могуць уяўляць пэўную небяспеку для цывільнай авіяцыі — пра што пілотаў лішні раз і папярэдзілі.
Чытайце таксама