У Анголе 50 чалавек, абвінавачаных у чараўніцтве, загінулі ад атручання вадкасцю, якая нібыта выкрывае датычнасць да магіі. Пра гэта 14 сакавіка паведаміла выданне The Guardian Nigeria.
«Больш чым 50 ахвяр прымусілі выпіць загадкавую вадкасць, якая, на думку народных лекараў, здольная паказаць, ці практыкуе чалавек чараўніцтва», — расказала сябра мясцовай рады муніцыпалітэта ангольскага горада Камакупа Лузія Філемонэ.
Выданне таксама прыводзіць словы прадстаўніка паліцыі Антоніа Хосі, які кажа, што гэта распаўсюджаная практыка «прымушаць людзей піць меркаваную атруту праз веру ў чараўніцтва». Ён таксама адзначыў, што апошнім часам колькасць такіх інцыдэнтаў узрасла і паліцыя спрабуе іх спыняць.
Каталіцкая царква ў Анголе спрабуе супрацьстаяць забабонам, але сярод вясковага насельніцтва распаўсюджаныя вераванні ў чараўнікоў, якія здольныя наклікаць няшчасце на ўсю супольнасць. У выніку западозраных у кантакце з цёмнымі сіламі людзей прымушаюць выпіць спецыяльны травяны настой, вядомы як «мбулунга».
Адзначым, што «тэст на чараўніцтва» праводзяць і ў іншых афрыканскіх краінах — і таксама нярэдка са смяротным вынікам. Напрыклад, у лютым гэтага года ў Гвінеі-Бісау пасля смерці двух маладых людзей ад цяжкай хваробы ў горадзе Кулад некалькі мясцовых жыхарак абвінавацілі ў чараўніцтве, іх прымусілі выпіць вадкасць у якасці «тэсту на чараўніцтва»: восем з іх загінулі, яшчэ 21 была шпіталізаваная.