Аналітыкі Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР) вывучылі, як змяняюцца цэны ў Беларусі. Яны звяртаюць увагу на тое, што паскараецца інфляцыя на паслугі, на якія чыноўнікі цэн не рэгулююць. Сярод прычын гэтага аналітыкі бачаць пабочны эфект ад павышэння заробкаў.

Інфляцыя ў Беларусі ў кастрычніку склала 5,9% гадавых. За месяц да таго гэты паказчык складаў 6%. То-бок у цэлым у гадавым выражэнні назіраецца запаволенне росту цэн. Аднак эксперты ЕАБР звяртаюць увагу на тое, што ёсць некалькі паказчыкаў, якія паказваюць, што з цэнамі не ўсё так добра, як хацелася б.
«Асноўным фактарам росту цэн стала падаражэнне нерэгуляваных паслуг. Інфляцыя (на іх. — Заўв. рэд.) у паслугах павысілася да 6% гадавых у кастрычніку пасля 5,6% гадавых у верасні, — адзначаюць у ЕАБР. — Прыкметны рост цэн на нерэгуляваныя паслугі абумоўлены істотным павелічэннем выдаткаў на аплату працы і высокім узроўнем спажывецкага попыту».
У ЕАБР звяртаюць увагу на тое, што працягвае паскарацца базавая інфляцыя, якую разлічваюць без уліку сезоннасці, — да 5,3% гадавых у кастрычніку. Для параўнання: у верасні гэты паказчык быў на ўзроўні 5,1%, а ў жніўні — 4,8%.
«У таварным сегменце інфляцыя заставалася ўмеранай дзякуючы ўздзеянню мераў цэнавага рэгулявання. Інфляцыя харчовага кошыка склала 7,2% г/г у кастрычніку пасля 7,5% г/г у верасні — ключавым фактарам стала зніжэнне цэн на гародніну. Нязначна запаволілася інфляцыя нехарчовых тавараў — да 4,1% г/г у кастрычніку пасля 4,2% г/г у верасні.
Раней эканаміст Дзмітрый Крук у кастрычніку 2023 года звяртаў увагу на тое, што беларускія кампаніі будуць вымушаныя падымаць заробкі супрацоўнікам, калі грамадска-палітычная сітуацыя ў Беларусі ў 2024 годзе не зменіцца і праблема міграцыі насельніцтва не знікне.
Пазней эксперты «Вашы грошы» выказвалі занепакоенасць наконт рэкорднага росту заробкаў, які апярэджвае эканоміку і прадукцыйнасць працы. Паводле іх ацэнак, перакосы, якія ўзмацняюцца праз гэта, могуць прывесці да непрыемных наступстваў, у тым ліку да росту цэн.
Што кажуць чыноўнікі пра рост цэн і якія планы наконт інфляцыі?
На 2024 год улады плануюць інфляцыю да 6%, а на 2025-ы — да 5%.
Раней Нацбанк заяўляў пра інфляцыйныя і дэвальвацыйныя рызыкі для беларускай эканомікі, звязаныя ў тым ліку з тым, што насельніцтва і бізнес актыўна набіраюць крэдыты. Эксперты бачаць у гэтым рызыкі і для нацыянальнай валюты, і што да росту цэн.
Чытайце таксама