Слова «надо» непрыкметна ператварылася з нібыта закліку прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі балатавацца ў афіцыйны слоган выбарчай кампаніі палітыка. Што гэта — экспромт пасля нібыта народнага флэшмобу — ці старанна прадуманы ход? Ці карыстаецца Лукашэнка паслугамі спецыялістаў у паліттэхналогіях і хто яму можа з гэтым дапамагаць? Пра гэта «Люстэрка» паразмаўляла з расійскім палітычным тэхнолагам Абасам Галямавым.

«Дымавая заслона, якая закліканая трошкі замаскіраваць дзеянне адмінрэсурсу»
«Калі прыхільнікі мае скажуць, што гэта трэба», — заявіў Аляксандр Лукашэнка 23 кастрычніка 2024 года, адказваючы на пытанне расійскай прапагандысткі Вольгі Скабеевай пра тое, ці пойдзе ён на прэзідэнцкія выбары.
Усяго праз некалькі дзён пасля гэтай заявы ўлады Беларусі запусцілі флэшмоб «Надо». Супрацоўнікі дзяржаўных арганізацый публікавалі відэа з аднайменным хэштэгам, у якіх прасілі Лукашэнку ўдзельнічаць у выбарах.
Сам палітык сцвярджаў, што ён і яго падначаленыя не маюць дачынення да флэшмобу. Але ўжо з пачаткам збору подпісаў, які стартаваў 7 лістапада, слова «надо» стала слоганам яго кампаніі. Яно з’явілася на намётах, футболках, камізэльках і іншых элементах уніформы зборшчыкаў.
Расійскі паліттэхнолаг Абас Галямаў лічыць, што тэхнічна каманда Лукашэнкі магла паспець з распрацоўкай і друкам агітацыйнай прадукцыі са слоганам «Надо». Нават калі дапусціць, што флэшмоб быў сапраўды ініцыятывай знізу.
— Для таго каб прыдумаць слоган «Надо», а потым выпусціць футболкі і кепкі з гэтым словам, шмат часу і сіл не спатрэбіцца. Гэта можна зрабіць за адзін вечар, — упэўнены эксперт. — Бо гэта ж не канкурэнтнае спаборніцтва, усё робіцца не сіламі кампаніі, а намаганнямі адміністрацыйнага рэсурсу. І ўвесь гэты паліттэхналагічны складнік — толькі нейкая дымавая заслона. Яна закліканая трошкі замаскіраваць дзеянне адмінрэсурсу, каб не выглядаць зусім нахабна. Гэта як розніца паміж апорнай сцяной і сцяной дэкаратыўнай, пабудаванай у адну цэглу.
Пры гэтым, паводле ацэнкі Галямава, слоган «Надо» добра падыходзіць кампаніі Лукашэнкі з улікам палітычнай абстаноўкі, якая склалася ў Беларусі. І скіраваны ён не на прыхільнікаў палітыка, а акурат на тых, хто не хоча за яго галасаваць.
— Гэта ж зварот не столькі да Лукашэнкі, маўляў, яму трэба ісці ў прэзідэнты. А, хутчэй, зварот да людзей: «Так, вы яго не любіце. Але трэба, іншых варыянтаў няма». Гэта сапраўдная матывацыя, — упэўнены паліттэхнолаг.

«Паспрабуе вельмі далікатна абыграць антырасійскія настроі»
Абас Галямаў таксама лічыць, што ў гэтую выбарчую кампанію Лукашэнка будзе разыгрываць карту міратворца. Ён паспрабуе пазіцыянаваць сябе палітыкам, што збярог Беларусь ад вайны, і нават выступаць з антырасійскіх пазіцый.
— Лукашэнка не будзе спрабаваць давесці, што ён добры, — прагназуе Галямаў. — Ён будзе ствараць кантэкст, у межах якога яго адмоўныя характарыстыкі раптам набудуць станоўчую афарбоўку. Каб людзі думалі: «Так, ён нам не падабаецца, але ўсё роўна трэба за яго галасаваць, бо інакш будзе яшчэ горш, зусім кепска». Я думаю, ён паспрабуе вельмі далікатна абыграць антырасійскія настроі, даказваючы, што калі б не ён, то Расія б ужо даўно паглынула Беларусь, як гэта адбываецца ва Украіне.
У той жа час, кажа Галямаў, менавіта Расія будзе дапамагаць Лукашэнку перамагчы на выбарах, забяспечваючы яго ў тым ліку паліттэхналагічнай падтрымкай. Эксперт упэўнены, што сам беларускі палітык да паслуг спецыялістаў сферы палітычных тэхналогій не звяртаецца.
— Паліттэхнолагаў у яго няма, ёсць звычайныя чыноўнікі, якія за ўсё гэта адказваюць, — сцвярджае Галямаў. — Магчыма, у гэтай частцы яму дапамагае Крэмль: «Аляксандр Рыгоравіч, у нас ёсць паліттэхнолагі, калі хочаш, яны табе падкажуць». Бачыце, у іх кантакт ёсць: пра жаданне балатавацца ж яго [расійская прапагандыстка] Вольга Скабеева спытала. Не выключаю, што з боку Крамля дапамога прыйшла. Але я не веру, што Лукашэнка за свае грошы наймаў паліттэхнолагаў. Ён жа лічыць сябе геніяльным, палітычным стратэгам з народа, чалавекам, што прыйшоў ва ўладу знізу. А не як Пуцін, якога выцягнулі, абтрэслі і пасадзілі на трон, ён не прарос знізу, не прыйшоў да ўлады з апазіцыі, як Лукашэнка. Таму я думаю, што ў Лукашэнкі ёсць упэўненасць, што ён сам сабе паліттэхнолаг.
Чытайце таксама