МУС: затрыманыя пяцёра ўдзельнікаў «экстрэмісцкага фарміравання», трое з іх — няпоўнагадовыя
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


У МУС Беларусі заявілі, што затрымалі пяцярых маладых людзей ва ўзросце ад 16 да 26 гадоў, якія былі адміністратарамі інтэрнэт-рэсурсаў, прызнаных «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

«Устаноўлена, што фігуранты, трое з якіх няпоўнагадовыя, пачынаючы з 2020 года адміністравалі чатыры цікток-акаўнты і два тэлеграм-каналы. На згаданых рэсурсах публікавалася інфармацыя, накіраваная на арганізацыю і падрыхтоўку масавых беспарадкаў, супраціў супрацоўнікам праваахоўных органаў з мэтай замахаў на незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць, асновы канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь. Затрыманыя аб’ядналіся ў тэлеграм-групе, якая ў пачатку лістапада прызнаная экстрэмісцкім фарміраваннем. Яны мусілі знаходзіць выканаўцаў для знішчэння аб’ектаў інфраструктуры і арганізацыі нападаў на праваахоўнікаў», — гаворыцца ў паведамленні МУС.

У міліцыі адзначылі, што 17-гадовы жыхар Касцюковічаў раней быў судзімы за апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці. Найстарэйшы з затрыманых, 26-гадовы «нацыяналіст са Смаргоні», мае судзімасці за крадзеж і згон. А 18-гадовы жыхар Буда-Кашалёва збіраўся ехаць ва Украіну для ўдзелу ў баявых дзеяннях.

Следчыя распачалі крымінальную справу за стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім.

Нагадаем, 8 лістапада стала вядома, што МУС унесла ініцыятыву «Саюз Беларускага Нацыянальнага Шчыта» (СНБШ) у пералік экстрэмісцкіх фармаванняў. А ўжо 9 лістапада сілавікі абвясцілі пра затрыманне пяці маладых людзей, якія нібыта з’яўляюцца арганізатарамі супольнасці СНБШ.

Паводле сілавога ведамства, затрыманыя «вялі актыўную экстрэмісцкую дзейнасць у кожным рэгіёне» і датычныя да «шэрагу падпалаў, у тым ліку рамкі BelToll у раёне Сеніцы больш за месяц таму».