Самалёт А-50, які, магчыма, пацярпеў у выніку атакі дронаў у Мачулішчах, паляцеў у Расію. Як гэта пракаментавалі ў BYPOL
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски

апублікавана: 
абноўлена: 

З вайсковага аэрадрома Мачулішчы 2 сакавіка ўзляцеў расійскі самалёт А-50 з бартавым нумарам «43», піша маніторынгавая група «Беларускі Гаюн». Раней паведамлялася, што менавіта гэты борт пацярпеў у выніку атакі дронаў.

0:00/ 0:00
В ЭФИРЕКачество480p  СкоростьОбычная  

«11.35. Аэрадром Мачулішчы. Узлёт ДРЛВ А-50У ВКС РФ (RF-50608)», — напісалі ў тэлеграм-канале маніторынгавай групы.

Пазней паведамленні пра ўзлёт А-50 пачалі распаўсюджваць беларускія праўладныя крыніцы. Прапагандыст расійскага канала RT Канстанцін Прыдыбайла апублікаваў у сваім тэлеграм-канале відэа з узлётам самалёта А-50. Гэты ж ролік запосціла і газета адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі «СБ»:

«Эксклюзіў з Мачулішчаў. 2 сакавіка, прыкладна 11.30 узлёт „таго самага“ самалёта А-50У ВКС РФ знялі відавочцы», — паведамляецца ў подпісе.

Пасля паведамленняў пра ўзлёт А-50 ва Украіне абвясцілі паветраную трывогу ў Чарнігаўскай, Палтаўскай і Сумскай абласцях.

У 13.22 «Беларускі Гаюн» паведаміў, што «самалёт ДРЛВ А-50У ВКС РФ (RF-50608) толькі што перасек мяжу Беларусі з Расіяй».

«Паводле папярэдняй інфармацыі, борт накіроўваецца на 325-ы Авіяцыйны рамонтны завод, які знаходзіцца ў Таганрогу. Менавіта ААТ „325 АРЗ“ з’яўляецца прадпрыемствам, якое ў тым ліку займаецца рамонтам агрэгатаў самалётаў А-50», — удакладніла маніторынгавая група.

«Люстэрка» папрасіла пракаментаваць узлёт А-50 кіраўніка аб’яднання былых сілавікоў Аляксандра Азарава, які раней расказваў падрабязнасці атакі дронаў на расійскі самалёт.

— Мэта атакі — абсталяванне. Крылы і рухавікі не былі пашкоджаныя, — адзначыў ён.

— Але BYPOL пісала, што ў самалёта пашкоджаная авіёніка і ён ужо «нікуды не паляціць». Выходзіць, авіёніка ўсё ж не пашкоджаная?

— За тры дні яны маглі нешта адрамантаваць і паправіць, — адказаў Азараў.

Раней тэлеканал «Беларусь-1» паказаў А-50 на аэрадроме ў Мачулішчах. У роліку самалёт ехаў па ўзлётна-пасадачнай паласе, яго паказвалі з розных бакоў — пашкоджанняў на ім не было відаць, хоць на абцякальніку антэны радыёлакацыйнай станцыі, размешчанай па цэнтры самалёта, былі заўважныя цёмныя плямы.

Нагадаем, раніцай 26 лютага ў ваколіцах вайсковага аэрадрома 50-й змяшанай базы Ваенна-паветраных сіл Беларусі ў Мачулішчах (Мінскі раён) мясцовыя жыхары пачулі некалькі выбухаў. Паводле інфармацыі BYPOL, яны сталі вынікам атакі дрона беларускіх партызан на расійскі ваенны самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання (ДРЛВ) А-50. Як заявіў кіраўнік аб’яднання былых сілавікоў Аляксандр Азараў, самалёт, які ўдзельнічаў у карэктаванні расійскіх ракетных удараў па тэрыторыі Украіны, быў пашкоджаны і «лётаць ужо не зможа».

Пасля гэтага з’явіліся паведамленні, што на мяжы зрабілі больш жорсткім памежны кантроль, а ў вышук абвясцілі выхадца з Крыма, якога называюць датычным да гэтага інцыдэнту. Акрамя таго, у Беларусі пачалі правяраць уладальнікаў дронаў.

Пазней расследавальнікі з Bellingcat параўналі зробленыя 28 лютага і 19 лютага спадарожнікавыя здымкі самалёта і адзначылі «розніцу ў колеры крылаў». Яны дадалі, што гэта можа быць праз снег, таму «пакуль немагчыма праверыць сцверджанні BYPOL».

У BYPOL у адказ на гэта расказалі, як і чым быў атакаваны расійскі самалёт.