Дзе цяпер А-50, які, магчыма, пацярпеў у Мачулішчах? У нас ёсць дакладны адказ
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


У чацвер, 2 сакавіка, беларускія дзяржСМІ апублікавалі відэа самалёта А-50 з бартавым нумарам 43, які ляцеў у паветры і на які, імаверна, 27 лютага здзейснілі атаку беларускія партызаны. Прапагандысты паведамілі, што борт «цэлы, непашкоджаны і нясе службу ў звычайным рэжыме» і ў адпаведнасці з планам «здзейсніў аблёт дзяржаўнай мяжы ў групе і суправаджэнні іншых самалётаў». Тэлеграм-канал прэс-службы Лукашэнкі ўвогуле заявіў, што А-50 суправаджаў «борт № 1». Аднак паводле інфармацыі тэлеграм-канала «Беларускі Гаюн», пашкоджаны самалёт пакінуў паветраную прастору Беларусі і, «паводле папярэдняй інфармацыі», адправіўся на рамонт у Таганрог. Дакладнага пацверджання гэтых звестак не было. Мы яго атрымалі.

Военный самолет А-50. Фото: Maxim Maksimov, russianplanes.net
Ваенны самалёт А-50. Фота: Maxim Maksimov, russianplanes.net

Пад выглядам супрацоўніцы беларускага аэрадрома ў Мачулішчах, дзе базаваўся А-50, журналістка «Люстэрка» патэлефанавала на «Таганрогскі авіяцыйны навукова-тэхнічны комплекс імя Г. М. Берыева». У яго склад уваходзіць 325-ы Авіяцыйны рамонтны завод, які займаецца аднаўленнем такой тэхнікі. У прыёмным пакоі адзначылі, што самалёт з бартавым нумарам 43 сапраўды паступіў да іх.

— Я вам тэлефаную з нагоды рамонту самалёта А-50, які з Беларусі да вас паступіў. Маё начальства сказала ў вас ўдакладніць падрабязнасці…

— А-50? 43-і борт вы маеце на ўвазе?

— Так-так.

— Я вам дам тэлефон, звяжацеся па ім. Гэта дырэктар дырэкцыі гарантыйнага і сэрвіснага абслугоўвання.

— Проста мне даюць гэтыя нумары, мне хаця б трэба даведацца, колькі самалёт на рамонце будзе…

— Гэта дакладна да яго. Гэты самалёт у яго ведамства паступіў.

— Гэта дакладна той самалёт, з Беларусі?

— Так-так, той, які ўчора да нас прыбыў.

У прыёмным пакоі журналістцы далі некалькі нумароў, аднак ні па адным з іх нам не адказалі. Удакладніць нейкія іншыя падрабязнасці з нагоды самалёта ў прыёмным пакоі не змаглі.