«Я працаваў з СБУ». Па дзяржТБ паказалі відэа допыту «дыверсанта», які падазраецца ў датычнасці да дыверсіі ў Мачулішчах
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Кадры затрымання мужчыны, які, паводле версіі беларускіх сілавікоў, датычны да атакі на расійскі самалёт А-50 на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах, апублікаваў 7 сакавіка тэлеграм-канал Агенцтва тэленавін.

0:00/ 0:00
В ЭФИРЕКачество480p  СкоростьОбычная  

У роліку відаць, як сілавікі ў поўным абмундзіраванні і са зброяй пранікаюць у дом. У адным з пакояў яны знаходзяць мужчыну з голым торсам. Яму камандуюць легчы на падлогу. Затым на мужчыну надзяваюць кайданкі і заводзяць у мікрааўтобус.

У подпісе да відэа супрацоўнікі дзяржтэлеканала назвалі затрыманага «тэрарыстам» і «агентам СБУ», які «спрабаваў учыніць тэракт у Мачулішчах». Пазней прапагандысты апублікавалі знятае сілавікамі відэа допыту затрыманага.

— Прозвішча, імя, імя па бацьку, — спыталі ў падазраванага.

— Швец Мікалай Уладзіміравіч.

— Дата нараджэння?

— 1993 год, 5 красавіка.

— Грамадзянства?

— Украіна.

— Як вы тут апынуліся? Цалкам.

— Па расійскім пашпарце праехаў у Расію, а адтуль ужо сюды.

— Што вы зрабілі? Які тэракт вы здзейснілі ў Рэспубліцы Беларусь?

— Ну, падарваў самалёт.

— Дзе?

— На аэрадроме «Мачулішчы».

— Калі?

— 26 лютага?

— Як вы гэта зрабілі?

— З дапамогай двух дронаў.

— Хто арганізатар гэтага тэракту?

— Я працаваў з СБУ.

— Дзе?

— Дзе што?

— Які горад?

— Кіеў.

0:00/ 0:00
В ЭФИРЕКачество480p  СкоростьОбычная  

Як паведаміў праваабарончы цэнтр «Вясна», Мікалая Швяца затрымалі ў мінулую суботу ў вёсцы Чарцяж Бараўлянскага сельсавета.

«Яго фота паказвалі мясцовым жыхарам на мінулым тыдні сілавікі, але ніхто з вяскоўцаў гэтага чалавека ў вёсцы ніколі не бачыў. Вяскоўцы кажуць, што на відэа затрымання меркаванага „ўкраінскага тэрарыста“ фігуруе дом друкара Алега Сычова — яго разам з жонкай сілавікі затрымалі на мінулым тыдні», — паведамілі ў «Вясне».

Раней паведамлялася, што мужчыну затрымалі ў прыватным доме ў садовым таварыстве ў Бараўлянах. У падвале будынка размяшчалася друкарня з бел-чырвона-белымі сцягамі.

Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка 7 сакавіка расказаў пра затрыманне «тэрарыста ўкраінскіх спецслужбаў і ягоных памагатых», якія датычныя да спробы дыверсіі ў дачыненні да самалёта А-50 на аэрадроме Мачулішчы.

Паводле Лукашэнкі, пачатак аперацыі быў пакладзены восем месяцаў ці паўгода таму ў Кіеве.

«Служба бяспекі Украіны, кіраўніцтва ЦРУ не тое збоку, не тое за спінай распрацоўваюць аперацыю супраць Рэспублікі Беларусь. Быў падрыхтаваны тэрарыст. Ён расіянін, з расійскім пашпартам, мае ўкраінскі пашпарт. Нарадзіўся ў Крывым Рогу, жыў у Крыме. Сваякі ў Аўстрыі некаторыя, некаторыя засталіся ў Кіеве. Ён быў завербаваны спецслужбай Украіны ў 2014, здаецца, годзе. Айцішнік або добра разбіраецца ў IT-тэхналогіях. Рыхтаваўся для здзяйснення тэрарыстычных актаў», — падзяліўся падрабязнасцямі Лукашэнка.

У Офісе прэзідэнта Украіны раней пракаментавалі абвінавачанні Лукашэнкі ў дачыненні ўкраінскага боку да атакі ў Мачулішчах.

«Трэба вызначыцца з фармулёўкамі. Тэракт — гэта калі з тэрыторыі Беларусі запускаюць ракеты па ўкраінскіх гарадах. Дыверсіі — гэта калі з беларускай мяжы заходзяць ДРГ (дыверсійна-разведвальныя групы. — Заўв. рэд.). Удар па самалёце-карэктавальніку А-50 — антытэрарыстычны акт, здзейснены, дарэчы, мясцовымі партызанамі», — напісаў дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк.

Што адбылося на аэрадроме ў Мачулішчах з самалётам А-50

Нагадаем, раніцай 26 лютага ў ваколіцах вайсковага аэрадрома 50-й змяшанай базы Ваенна-паветраных сіл Беларусі ў Мачулішчах (Мінскі раён) мясцовыя жыхары пачулі некалькі выбухаў. Паводле BYPOL, яны сталі вынікам атакі дрона беларускіх партызан на расійскі ваенны самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання (ДРЛВ) А-50. Як заявіў кіраўнік аб’яднання былых сілавікоў Аляксандр Азараў, самалёт, які здзельнічаў у карэктаванні расійскіх ракетных удараў па тэрыторыі Украіны, быў пашкоджаны.

Пасля гэтага з’явіліся паведамленні, што на мяжы зрабілі больш жорсткім памежны кантроль, а ў вышук абвясцілі выхадца з Крыма, якога называюць датычным да гэтага інцыдэнту. Акрамя таго, у Беларусі пачалі правяраць уладальнікаў дронаў, страйкбалістаў, стралкоў і гэтак далей.

Афіцыйна ўлады Беларусі інцыдэнт у Мачулішчах не каментавалі, не лічачы заявы намесніка міністра замежных справаў Беларусі Юрыя Амбразевіча, які назваў тое, што адбылося, фэйкам, упіраючы на тое, што не было афіцыйных каментароў.

У чацвер, 2 сакавіка, беларускія дзяржСМІ апублікавалі відэа палёту самалёта А-50 з бартавым нумарам 43, на які, імаверна, 27 лютага здзейснілі атаку беларускія партызаны. Прапагандысты паведамілі, што борт «цэлы, непашкоджаны і нясе службу ў звычайным рэжыме» і ў адпаведнасці з планам «здзейсніў аблёт дзяржаўнай мяжы ў групе і суправаджэнні іншых самалётаў». Тэлеграм-канал прэс-службы Лукашэнкі наогул заявіў, што А-50 суправаджаў «борт № 1». Аднак паводле інфармацыі тэлеграм-канала «Беларускі Гаюн», пашкоджаны самалёт пакінуў паветраную прастору Беларусі і, «паводле папярэдняй інфармацыі», адправіўся на рамонт у Таганрог.

Як высветліла «Люстэрка», самалёт знаходзіцца на 325-м Авіяцыйнай рамонтным заводзе, які ўваходзіць у склад Таганрогскага авіяцыйнага навукова-тэхнічнага комплексу імя Берыева. Самалёт А-50 з бартавым нумарам 43 знаходзіцца ў іх на рамонце.