Паводле інфармацыі праваабаронцаў, за апошнія тры гады (то-бок з пачатку прэзідэнцкай кампаніі 2020-га) у Беларусі палітвязнямі быў прызнаны 2291 чалавек, 1525 з іх працягваюць заставацца ў зняволенні. Усяго ж з крымінальным пераследам па палітычных матывах за гэты час сутыкнулася не менш за 4300 грамадзян. Сёння, 21 траўня, у Беларусі з ініцыятывы праваабаронцаў адзначаецца Дзень салідарнасці з палітвязнямі — ПЦ «Вясна» апублікаваў з гэтай нагоды падрабязную статыстыку па сітуацыі з правамі чалавека і рэпрэсіямі.

Першым палітвязнем 2020 года стаў блогер Сяргей Ціханоўскі, адпаведную заяву пра наданне яму гэтага статусу праваабаронцы апублікавалі 31 траўня таго года.
З 1525 палітвязняў, якія па-ранейшаму знаходзяцца ў зняволенні, кожная дзясятая — жанчына. Таксама сярод іх налічваецца 9 падлеткаў, якім на момант затрымання не споўнілася 18 гадоў (наймалодшаму, Арцёму Вайцяховічу, няма нават 16-ці). «Усе яны ўтрымліваюцца ў нечалавечых умовах, — пішуць рраваабаронцы. — Палітвязняў фактычна ўтрымліваюць без сувязі з вонкавым светам, ім не аказваецца медыцынская дапамога, яны пазбаўленыя права на абарону, іх кідаюць у карцары і ШІЗА, дзе створаныя асаблівыя ўмовы, якія самі палітвязні называюць катавальнымі».
«Сваякі і блізкія некаторых зняволеных месяцамі не атрымліваюць інфармацыі пра стан сваіх блізкіх. Дзясяткі чалавек знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі з цяжкімі захворваннямі, таму прызначаныя тэрміны могуць стаць для іх пажыццёвымі, як гэта адбылося з хворым на сэрца Мікалаем Клімовічам, які памёр 5 траўня ў віцебскай калоніі № 3», — гаворыцца ў публікацыі «Вясны».
Акрамя таго, праваабаронцам вядома пра як мінімум 854 чалавекі, якія былі асуджаныя на «хатнюю хімію», 254 — на звычайную «хімію». «Вядома, што на іх там аказваецца ціск: да іх прыязджаюць сілавікі, правяраюць тэлефоны, збіваюць, адпраўляюць „на суткі“, супраць некаторых з іх заводзяць новыя крымінальныя справы», — дадаюць аўтары.
Таксама «Вясна» адзначае, што колькасць палітвязняў у краіне за апошнія два гады вырасла амаль у чатыры разы — у траўні 2021-га іх налічвалася 404. «Гэта сведчыць пра тое, што рэпрэсіі ідуць штодня ўжо 1096 дзён», — сказана ў публікацыі.
Кожны месяц некалькі дзясяткаў палітзэкаў выходзяць на волю ў сувязі з заканчэннем тэрміну. Паводле звестак «Вясны», на волі ўжо знаходзіцца не менш за 364 з іх.
Калі паспрабаваць напісаць усім беларускім палітвязням, дасылаючы кожны дзень па лісце на адрас аднаго з іх, то на гэта пойдзе 4 гады і 40 дзён, пішуць праваабаронцы.
Нагадаем, сёння з ініцыятывы праваабаронцаў адзначаецца Дзень салідарнасці з палітвязнямі. У гэты дзень два гады таму ў шклоўскай калоніі № 17 памёр палітвязень Вітольд Ашурак.
Сёння ў гарадах па ўсім свеце пройдуць акцыі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі і іншыя мерапрыемствы. Месца і час іх правядзення можна паглядзець тут.
«Голасам усіх беларусаў будзем мы. Мы — тыя, хто знаходзіцца за мяжой, тыя, хто ў бяспецы. І каму неабыякава, што будзе з Беларуссю і людзьмі там. Калі не будзем гаварыць мы, то нашую гісторыю не раскажа ніхто», — звярнулася напярэдадні да беларусаў Святлана Ціханоўская з заклікам узяць удзел у акцыях.
Чытайце таксама


