Сёння, 13 чэрвеня, у Мінскім гарадскім судзе пачаўся разгляд справы праваабаронцы Насты Лойка. Яна абвінавачваецца па ч. 3 арт. 130 КК (Распальванне іншай сацыяльнай варожасці), працэс вядзе суддзя Алена Шылько, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Практычна адразу пасля пачатку паседжання суддзя абвясціла, што працэс будзе закрытым. Таму падрабязнасці абвінавачання і пазіцыя Лойка невядомыя.
Падставай для завядзення крымінальнай справы паслужыла справаздача «Пераслед анархістаў, антыфашыстаў, левых і грамадскіх актывістаў у Беларусі» (2017 — жнівень 2018). Там даецца крытычная ацэнка дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі.
Праваабаронцы пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Першапачаткова гаварылася пра абвінавачанне Лойка па двух артыкулах. У дадатак да арт. 130 ёй інкрымінавалі ч.1 арт. 342 КК (Удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Нагадаем, Насту Лойка затрымалі 28 кастрычніка 2022 года (перад тым яна месяц адбывала адміністрацыйныя арышты на Акрэсціна і на волі паспела прабыць толькі тры тыдні). Яе пяць разоў запар асуджалі па адміністрацыйных артыкулах і падаўжалі арышт. Толькі ў канцы снежня ёй выставілі абвінавачанне па крымінальнай справе. Цяпер праваабаронца знаходзіцца ў СІЗА-1. Яна прызнаная палітзняволенай.
Падчас знаходжання на Акрэсціна Насце Лойка не перадавалі лекаў і цёплых рэчаў, акрамя таго, яе падвяргалі катаванням і жорсткаму абыходжанню. Як расказала сама Наста падчас аднаго з судоў, 11 лістапада супрацоўнік ЦІП вывеў яе ва ўнутраны двор без вопраткі і пакінуў на восем гадзін. Пазней адна з вызваленых зняволеных патлумачыла, што прычынай была напісаная Настай скарга на тое, што арыштантаў, якія адпраўляюцца на працы на сметнік, падоўгу трымаюць у двары на марозе. Супрацоўнік ЦІП (сцвярджаецца, што ягонае прозвішча Цішачкін) вывеў яе на двор са словамі, што цяпер яна «сама ўбачыць, як там», а потым прасіў не пісаць скаргу.
Таксама Лойка тады паведаміла, што за час арышту яе двойчы вадзілі на «гутаркі» з супрацоўнікамі ГУБАЗіК, там яе адзін раз ударылі электрашокерам. Расійская журналістка і праваабаронца Кацярына Яньшына, якая вызвалілася з Акрэсціна, пазней расказала, што такім чынам супрацоўнікі ГУБАЗіК спрабавалі выбіць у Насты воблачны пароль ад Telegram, які яна забыла. Паводле яе словаў, Лойка электрашокерам білі ў пятку, каб не пакідаць слядоў.