Навукоўцы і актывісты даследавалі беларускае балота Ельня і зрабілі сенсацыйнае адкрыццё. Але зазналі страты
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Балота Ельня ў Віцебскай вобласці аказалася нашмат старэйшым, чым лічылася раней: яму каля 13 тысяч гадоў. Гэта ўдалося выявіць дзякуючы экспедыцыі, якую агенцтва экскурсій YelniaTrip правяло сумесна з Інстытутам прыродакарыстання НАН.

Экасцежка ў Ельні ў 2013-м. Фота: TUT.BY

Мэтай экспедыцыі было вызначыць узрост Ельні, даследаваўшы тарфяную аблогу ў месцах самага глыбокага залягання (паводле звестак разведкі 50-х гадоў). Для гэтага выкарыстоўвалі метад радыёвуглероднага аналізу, дакладнасць якога складае амаль 98%.

— Інтрыгавала найбольшая лічба 8,3 метра, пазначаная геолагамі, якія вывучалі Ельню да нас. Мы з такім запалам спрабавалі знайсці адзначаную глыбіню, што першая частка экспедыцыі скончылася пасля некалькіх дзясяткаў спробаў патапленнем бура ў нетрах балота, — расказалі ў агенцтве.

Аднак максімальная глыбіня, якую ўдалося знайсці падчас экспедыцыі, склала 7,25 м. Аналіз паказаў, што торф, здабыты з гэтай глыбіні, сфармаваўся ў дыяпазоне 12 821 — 13 114 гадоў таму.

— Сярэдняе значэнне гэтага дыяпазону — 12 968 гадоў, і гэта афіцыйны ўзрост балота Ельня! — сцвярджаюць даследчыкі.

Такім чынам, самае вядомае беларускае балота з унікальнай экасістэмай, па плошчы параўнальнае з Мінскам, аказалася нашмат старэйшым, чым лічылася раней: дагэтуль навукоўцы лічылі, што яму каля 9 тысяч гадоў.

Арганізатары падкрэслілі, што экспедыцыю ўдалося правесці дзякуючы неабыякавым беларусам:

— Мы атрымалі 60 данатаў пераводамі ад 3 да 200 рублёў, што вельмі матывуе нас на дзеянне, бо паказвае, што экалагічная дзейнасць YelnyaTrip знаходзіць водгук.

Такім спосабам сабралі палову патрэбнай сумы, а астатнюю частку, неабходную для правядзення лабараторнага аналізу, аплацілі ўдзельнікі экспедыцыі.