На разгляд Палаты прадстаўнікоў паступіў законапраект «Пра змяненне законаў па пытаннях адукацыі», дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Ён прадугледжвае шэраг сур’ёзных новаўвядзенняў у правілах размеркавання выпускнікоў ВНУ і ССНУ. Але ёсць сярод новаўвядзенняў і тыя, што закрануць школьнікаў і іх бацькоў, а таксама дашкольнай адукацыі і дзейнасці ІП у гэтай сферы.

Прыватных дзіцячых садкоў стане менш
З 2023 года індывідуальныя прадпрымальнікі могуць займацца адукацыйнай дзейнасцю толькі пры наяўнасці ліцэнзіі і толькі ў сферы дашкольнай адукацыі, у тым ліку спецыяльнай (для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця).
Згодна з законапраектам, ІП страцяць магчымасць весці любую ліцэнзаваную дзейнасць у сферы адукацыі. Іх выкрэсліваюць з адпаведнага артыкула Закона «Пра ліцэнзаванне», а ў Кодэксе аб адукацыі практычна з усіх артыкулаў выдаляюць згадку ІП як асобаў, якія маюць права на адукацыйную дзейнасць.
Тыя прадпрымальнікі, хто на дату прыняцця новага закона яшчэ будзе мець ліцэнзію на дзейнасць у сферы дашкольнай і спецыяльнай адукацыі, змогуць працаваць, але толькі да 31 жніўня 2025 года. Астатнім давядзецца закрыцца адразу ж. Вучыць дашкольнікаў можна будзе толькі пасля афармлення юрыдычнай асобы і атрымання ўсіх дазволаў.
Нагадаем, ІП усё яшчэ могуць аказваць адукацыйныя паслугі накшталт розных курсаў, семінараў, заняткаў для дарослых і займацца рэпетытарствам.
У школах навучаць кіраваць (але не ўсюды)
Самае прыкметнае новаўвядзенне ў сферы сярэдняй адукацыі — гэта навучанне дзяцей кіраванню аўто проста ў школах у дадатак да асноўных заняткаў.
Праўда, такую магчымасць атрымаюць не ўсе. Праграму падрыхтоўкі кіроўцаў змогуць рэалізоўваць толькі школы ў вясковай мясцовасці і гарадскіх пасёлках. А таксама спецыялізаваныя ліцэі, кадэцкія і сувораўскія вучылішчы незалежна ад месцазнаходжання.
У вясковых установах агульнай сярэдняй адукацыі вучыць кіраванню будуць у 10−11 класах, пры гэтым можна будзе арганізаваць працэс як на месцы, у самой школе, так і ў ДТСААФ.
Абавязковая форма
У Кодэкс аб адукацыі ўводзіцца абавязак школьнікаў знаходзіцца на занятках у адзенні дзелавога стылю — «за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных санітарна-эпідэміялагічнымі патрабаваннямі».
Бясплатныя экскурсіі
Таксама замацоўваецца нядаўна ўведзеная практыка бясплатных экскурсій для школьнікаў. У кодэксе будзе прапісана, што школы, ПТВ і ССНУ будуць атрымліваць фінансаванне з бюджэту на правядзенне экскурсій для вучняў у рамках адукацыйнага працэсу, у тым ліку ў шосты школьны дзень.
Тэкст папраўкі дазваляе дапусціць, што бясплатнымі будуць і білеты ў рамках гэтых экскурсій, аднак фармулёўка недастаткова выразная, каб сказаць дакладна.
Навучанне — толькі ў Беларусі
Ёсць і адно значна сур’ёзнейшае школьнае новаўвядзенне.
У Кодэксе аб адукацыі з’явіцца новы абавязак бацькоў (законных прадстаўнікоў): «Забяспечваць атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі іх няпоўнагадовымі дзецьмі, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, ва ўстановах адукацыі Рэспублікі Беларусь».
Гэта значыць, што будуць выключаныя ўсе магчымасці ўнікнуць навучання ў дзяржаўных школах — напрыклад, праз дыстанцыйнае навучання за мяжой. Так, цяпер некаторыя бацькі афармляюць дзяцей у расійскія школы, дзе тыя афіцыйна вучацца (анлайн) і могуць атрымаць атэстат. Пасля ўступлення паправак у сілу гэта стане немагчыма.
«Не» атэстатам на англійскай
Новаўвядзенне будзе і для адваротнай сітуацыі — замежнікаў, якія часова знаходзяцца ў Беларусі, вучацца тут у школе і атрымліваюць атэстат альбо дакумент пра агульную базавую адукацыю. Цяпер гэтыя дакументы выдаюць на дзвюх мовах — англійскай і беларускай ці рускай. Але пасля паправак будуць выдаваць толькі на рускай і беларускай мовах.
Калі папраўкі пачнуць дзейнічаць?
Законапраект «Пра змяненне законаў па пытаннях адукацыі» пакуль не прыняты. Ён толькі нядаўна быў унесены на разгляд Палаты прадстаўнікоў. Наперадзе ў яго галасаванне ў двух чытаннях (што можа прайсці хутка або зацягнуцца на месяцы), а потым — ухвала ў Савеце Рэспублікі і падпісанне ў Лукашэнкі.
Пасля афіцыйнага апублікавання закона яго асноўныя палажэнні ўступяць у сілу праз шэсць месяцаў.
Чытайце таксама


