На волю выйшлі памілаваныя палітвязні Кацярына Леў, Тамара Каравай, Святлана Палуэктава і Наталля Пятровіч, паведамляе ініцыятыва Dissident.by.

Кацярына Леў — жыхарка Наваполацка. Яе затрымалі 1 лютага 2023 года і судзілі за абразу прадстаўнікоў улады паводле арт. 369 КК. Жанчына адбывала двухгадовы тэрмін.
Тамару Каравай абвінавацілі ў паклёпе на адрас Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 367 КК. Суд у Лунінцы 29 сакавіка 2023 года асудзіў яе на два гады калоніі агульнага рэжыму. У жанчыны на ўтрыманні няпоўнагадовае дзіця.
Таксама на волю выйшла Святлана Палуэктава — 6 ліпеня 2023 года суд асудзіў яе на 2,5 года пазбаўлення волі па трох артыкулах, сярод якіх «абраза Лукашэнкі».
Усе тры жанчыны адбывалі пакаранне ў ПК № 4. Яны трапілі ў кадры сюжэту, які паказалі ўвечары 20 жніўня на дзяржтэлеканале «Беларусь 1».
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, на волю выйшла таксама Наталля Пятровіч, затрыманая 19 снежня 2022 года дома за каментар. Яе асудзілі на шэсць гадоў паводле пяці артыкулаў, у тым ліку за «абразу Лукашэнкі» і «заклікі да санкцый». Жанчыну ўнеслі ў спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў».
Нагадаем, раней стала вядома, што на волю па памілаванні выйшаў адзін з самых узроставых беларускіх палітвязняў — 74-гадовы кіраўнік аршанскага незалежнага прафсаюза РЭП Васіль Бераснёў, асуджаны на дзевяць гадоў калоніі.
Аляксандр Лукашэнка 16 жніўня падпісаў указ пра памілаванне 30 асобаў, асуджаных за «злачынствы пратэснай скіраванасці». У ліку памілаваных 14 жанчын і 16 мужчын, некаторыя з іх маюць сур’ёзныя захворванні. Таксама ёсць пенсіянеры. Канкрэтныя прозвішчы памілаваных не называюцца, сам указ не публікаваўся.
У ліку 30 памілаваных ёсць тыя, каго раней ужо вызвалілі, расказваў дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. Паводле яго, частка гэтых людзей ужо была вызваленая ў ліпені і жніўні, а ўказ фармалізаваў гэты працэс.
20 жніўня стала вядома, што сярод тых, што выйшлі на волю, аказаліся Ксенія Луцкіна, Вольга Новікава, Ірына Санкоўская, Ала Зуева і Вольга Стаброўская. Цяпер праваабаронцам вядомыя 16 імёнаў памілаваных і вызваленых палітвязняў.