Тата Марыі Каленік і старэйшая сястра скончылі Беларускую акадэмію мастацтваў. Маша таксама паступіла ў БДАМ, восенню 2020-га яна была на чацвёртым курсе. Хацела стаць дызайнерам прадметна-прасторавага асяроддзя, але аказалася адной з 12 затрыманых па «справе студэнтаў». Суд прызначыў ёй 2,5 года калоніі. Праваабаронцы прызналі дзяўчыну палітзняволенай. У вялікім інтэрв'ю блогу «Людзі» і праекту politzek.me яна расказала, як падзеі ў Беларусі змянілі жыццё, але не зламалі яго. Мы перадрукоўваем гэты тэкст.

Па «справе студэнтаў» абвінавачанымі праходзілі 12 чалавек. Сярод іх студэнты сталічных ВНУ, а таксама выкладчыца БДУІР Вольга Філатчанкава і выпускніца медуніверсітэта і экс-прадстаўніца Святланы Ціханоўскай па справах моладзі і студэнтаў Алана Гебрэмарыям.
Ім інкрымінаваліся арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК). Паводле версіі следства, яны распрацавалі план па залучэнні ў пратэсную актыўнасць студэнтаў і супрацоўнікаў ВНУ. Віну прызнаў толькі Глеб Фіцнер. Для яго пракуратура папрасіла два гады калоніі агульнага рэжыму, для ўсіх астатніх — па два з паловай гады калоніі агульнага рэжыму. Менавіта такія тэрміны ім прызначыў і суд. Усе фігуранты «справы студэнтаў» былі прызнаныя палітвязнямі.
«На развітанне адзін з супрацоўнікоў калоніі пажартаваў: „Цябе ніхто не чакае“»
На момант затрымання Марыі было 22. Цяпер дзяўчыне 24. Трэці месяц яна жыве ў Вільнюсе. Увосень у яе пачнуцца заняткі ў Віленскай акадэміі мастацтваў, а пакуль яна падцягвае англійскую і шукае падпрацоўку.
— Хацелася б знайсці нешта па спецыяльнасці, але за два гады ў дызайне многае памянялася. Праграмы, што былі папулярныя ў 2020-м і якімі я карысталася, цяпер выйшлі з моды. З’явіліся новыя і нейрасеткі. «Нейронкі» для мяне такі шок, быццам я выйшла ў будучыню. У мяне кругам галава. Пакуль ёсць люфт да пачатку навучання, хочацца яго максімальна запоўніць і нагнаць тое, чаго я не ведаю.
— Вы, як і многія, каго затрымалі па «справе студэнтаў», вызваліліся 30 лістапада. Якім для вас быў гэты дзень?
— Самым шчаслівым і трывожным за апошнія два гады. Да канца не пакідала пачуццё, што я не выйду, што закрыюць паўторна. 30 лістапада я прачнулася, а пятай раніцы. Трэба было паспець нафарбавацца і развітацца з сяброўкамі. У колькі акажашся на волі, незразумела, чакаеш, калі патэлефануюць з КПП і паклічуць. Нас усіх (гаворка пра дзяўчат, якія праходзілі па «справе студэнтаў». — Заўв. рэд.) выпускалі ў розны час: мабыць, баяліся збору людзей. Вакол калоніі тады дзяжурыла шмат супрацоўнікаў у цывільным і ДАІ. Нягледзячы на мароз, выходзіць у целагрэйках нам забаранілі. Мы былі ў спартыўных касцюмах. На развітанне адзін з работнікаў пажартаваў: «Цябе ніхто не чакае». Я адказала: «Па мяне прыехала сям’я». Ведала, у яго спецыфічны гумар, хоць гучаў ён так, што я засумнявалася.
І ўсё ж на выхадзе мяне сустрэлі бацькі і сястра. Па дарозе мы заехалі ў супермаркет. На паркоўцы заўважыла, што ў машыне, якая стаяла побач з нашай, чалавек здымае нас на тэлефон. Мы адчулі нядобрае і вырашылі пераправерыць: наразалі кругі па адным і тым жа квартале. За намі ішлі дзве машыны — адна з супрацоўнікамі калоніі, другая — на мінскіх нумарах. Калі наблізіліся да трасы на Мінск, аўтамабіль, які быў на мінскіх нумарах, паехаў у сталіцу. Мы ж павярнулі ўглыб Гомеля: хацелі адведаць знаёмых. Аператыўныя супрацоўнікі калоніі яшчэ ездзілі за намі, можа, гадзіны паўтары. Навошта? Не ведаю.
— Як прайшла першая размова з бацькамі на волі?
— Дзень вызвалення быў эмацыйна цяжкі. Глыбокіх тэмаў мы не падымалі. Яны пыталі, што я хачу з’есці, з кім сустрэцца. Мяне звазілі да бабулі і сяброўкі. Яшчэ да вызвалення я казала прыяцельцы, як хачу сырнікаў. І яна іх шмат пасмажыла да майго выхаду. Па смятану да іх мы і заязджалі, калі ўбачылі, што за намі сочаць.
«Яны пачалі абшукваць мой пакой. А я піла рамонкавы чай»
— Якім чалавекам вы былі да затрымання?
— 2020-ы стаў для нас усіх трыгерам, але сачыць за тым, што адбываецца ў краіне, я пачала раней. А яшчэ мяне вельмі напружвала нашая сістэма адукацыі. Памятаю, як нас прымушалі ўступаць у акцябраты і піянеры. Я не разумела, навошта. Бацькі сказалі: «Калі не хочаш, ты не мусіш». Я адмовілася. Тая ж сітуацыя ў мяне была з БРСМ. У гімназіі, дзе я вучылася, а потым і ва ўніверсітэце мяне атачала шмат творчых людзей. Як правіла, гэта тыя, хто думае свабодна. Побач была дастатковая колькасць беларускамоўных. Гэтае асяроддзе фармавала мяне. Да таго ж, не ведаю, ці важна гэта, я расла на «Еўраньюс», беларускае тэлебачанне ў маёй сям'і не глядзелі. З 2015-га ў нас дома наогул не было тэлевізара, усе карысталіся камп’ютарамі. За навінамі сачыла на «Еўраньюс» і ў беларускіх незалежных СМІ.

— Як вы аказаліся ў «справе студэнтаў»?
— Да 1 верасня ў краіне праходзілі рознага кшталту акцыі, выходзілі людзі з розных сфераў — медыкі, рабочыя. Было зразумела, што і студэнты павінныя не маўчаць і прадстаўляць сябе як асобную самастойную ячэйку. 1 верасня выйшла шмат студэнтаў. У мяне заняткі ва ўніверсітэце пачыналіся з кастрычніка, але я вырашыла: няважна, каля якой ВНУ стаяць, і таксама пайшла. Мы стаялі, пляскалі ў ладкі (пазней калоны з розных універсітэтаў накіраваліся да будынка Міністэрства адукацыі. — Заўв. рэд.). Каля Ліцэя БДУ сілавікі разагналі людзей, кагосьці затрымалі, але студэнтаў гэта не асабліва спыніла. Проста мы пачалі выходзіць больш лакальна — у саміх ВНУ. У нас у акадэміі быў чат і канал, дзе мы маглі дзяліцца меркаваннем наконт сітуацыі, расказвалі, каму тэлефанавалі з адміністрацыі, каго выклікалі на прафілактычныя гутаркі, хтосьці прапаноўваў выходзіць маляваць, спяваць — увогуле, абсалютна законныя рэчы. Гэта быў адкрыты чат, а я проста была адміністратарам.
— Генеральная пракуратура і СК заяўлялі пра тое, што ў тых, хто праходзіў па «справе студэнтаў», былі відэаканферэнцыі са Святланай Ціханоўскай.
— У справе была не толькі я, таму не магу ўсё агучваць. У зуме (гаворка пра праграму Zoom для відэаканферэнцый. — Заўв. рэд.) студэнты, выкладчыкі і прадстаўнікі студэнцкіх аб’яднанняў збіраліся і абмяркоўвалі парадак дня, затрыманні і адлічэнні, юрыдычныя пытанні, законны фармат акцый. Святлана Ціханоўская заўсёды падтрымлівала нашую ініцыятыву. Адзначу, што да сазвонаў я не ведала нікога з астатніх, хоць нам ставілі ў віну «злачынства, здзейсненае групай асоб па папярэдняй змове» (гэта ч. 2 арт. 17 КК, яе падчас суда са студэнтаў знялі. — Заўв. рэд.).
— Як вы трапілі на гэтыя сазвоны?
— Ужо не памятаю. Магчыма, восенню 2020-га напісала ў ЗБС — Задзіночанне беларускіх студэнтаў, якое даўно займаецца студэнцтвам, ці ў іншую арганізацыю. Хацела, каб студэнты БДАМ былі пачутыя і як мастакі.
— Як вас затрымлівалі?
— Напярэдадні ноччу я падрыхтавала вельмі прыгожы макет новага плаката і вырашыла пайсці ва ўніверсітэт крыху пазней, каб трапіць на акцыю, якая праходзіла на вялікай перамене. Раптам мне тэлефануюць з адміністрацыі ўніверсітэта і кажуць, што мне тэрмінова трэба ў ВНУ. Прычыны не называюць. Я хутчэй збіраюся, выходжу з дому — і тут да мяне падыходзіць некалькі мужчын. Паказваюць пасведчанні і прапануюць прайсці дадому. У кватэры былі мама і сястра. Яны думалі, я нешта забыла. А тут следам за мной шмат мужчын. Сястра толькі выйшла з душа, атрымалася няёмка. Яны пачалі абшукваць мой пакой. А я піла рамонкавы чай і адчувала сябе спакойна. Напэўна, праз шок. Потым папрасіла іх падвезці мяне ва ўніверсітэт, яны сказалі: «Добра». Але ў выніку спачатку завезлі мяне кудысьці на допыт, а потым у СІЗА КДБ.
— У які момант вы зразумелі, што ўсё сур’ёзна?
— Напэўна, калі мне далі матрац. На ім былі кубак, кавалачак туалетнай паперы і мыла. Гэтая кампазіцыя мяне крыху збянтэжыла (смяецца). У камеру я зайшла пасля адбою і афігела, якая цікавая планіроўка. Як кавалак піцы. Мне сказалі, трэба легчы спаць, і я легла.
— Вы так весела пра гэта расказваеце.
— У камеры сядзелі дзве дзяўчыны, з якімі мы праходзілі па справе. Мы шмат жартавалі, а цяпер яшчэ больш пра ўсё гэта жартуем. За кратамі я наогул мала плакала. Не хацелася паказваць слабасць. Ведаеце, калі чалавек падае ў яму, ён будзе не слёзы ліць, а спрабаваць выкараскацца. Вядома, было балюча, што мяне адарвалі ад родных, што ўсё складваецца несправядліва. Я спадзявалася на змены, але гэтая надзея паступова згасала.
Што да страху, то яго я адчула толькі калі прыйшлі першыя лісты. Я баялася за бабулю. Хвалявалася, каб ёй не стала кепска ад усіх гэтых навін. Перажывала, як яна сябе адчувае (бо тады яшчэ бушаваў каранавірус) і за тое, што не магу хутка даведвацца пра яе стан. Да магчымага тэрміну я ставілася спакойна: з самага пачатку следчы даў мне Крымінальны кодэкс, паказаў мой артыкул, папрасіў пачытаць, што па санкцыях — там было да трох гадоў, спытаў: «Зразумела?» Я адказала: «Зразумела».
— Ці пытаў следчы: «Маша, навошта ты ў гэта ўсё ўвязалася?»
— Асабліва гэта цікавіла людзей з КДБ — кожнага следчага, які з намі працаваў, і нават тых, хто проста міма праходзіў. Было адчуванне, што яны дзесьці прачыталі гэтую цытату, і яна ім спадабалася. Яны ўвесь час паўтаралі: «Ну ты ж маладая, табе б дзяцей нараджаць, замуж выйсці, а ты такім глупствам займаешся. Што цябе не задавальняла ў нашай краіне?» Спачатку я спрабавала парыраваць, бо мяне гэта вельмі моцна раздражняла. А потым ужо ўнікала размовы, бо надакучыла.
«У нашай камеры замест туалета стаяла вядро»
— У СІЗА КДБ вы прабылі восем дзён. Потым было дзевяць месяцаў у СІЗА № 1 на Валадарскага, тры месяцы ў СІЗА № 3 Гомеля. А потым у канцы кастрычніка 2021-га вы апынуліся ў гомельскай жаночай калоніі. Дзе было складаней за ўсё?
— Рэжым у СІЗА КДБ самы жорсткі. Падчас допытаў следчыя ў КДБ спрабавалі быць добрымі копамі, а потым ты прыходзіш у ізалятар, а там пасіўна-агрэсіўныя ахоўнікі. Яны робяць усё, каб знішчыць у чалавеку пачуццё годнасці. Напрыклад, у нашай камеры замест туалета стаяла вядро. Яно знаходзілася побач з дзвярыма. Правяральнік кожныя дзве хвіліны глядзеў у вочка, плюс у любы момант мог адкрыць «кармушку», што не давала магчымасці нармальна схадзіць у прыбіральню. Перанесці вядро не атрымлівалася: з іншага боку стаяў стол. Двойчы на дзень мы па чарзе выносілі гэтае вядро ў асобную камеру з санвузлом. Праблема з туалетам была і ў СІЗА Гомеля. Там у старым корпусе ёсць так званыя транзітныя камеры. У адной з іх я прабыла чатыры-пяць дзён. Дзірка ў падлозе ў гэтым памяшканні таксама знаходзілася побач з дзвярыма. Больш за тое, на яе была наведзеная відэакамера. Гэта прыносіла дыскамфорт. Асабліва калі ўлічыць, што, у адрозненне ад Валадаркі, у ізалятарах у Гомелі і КДБ на жаночым корпусе працуюць мужчыны. Некаторыя з іх маладыя.

У гомельскім СІЗА, дарэчы, у аховы нейкая нездаровая любоў да перпендыкуляраў. Яны патрабавалі, каб цягам дня ногі пастаянна стаялі на падлозе. Толькі сядзеш з каленямі, адкрываецца вочка — і чуваць: «Дзе ногі?» Гэта напружвала. На сцяне віселі ПУР (правілы ўнутранага распарадку. — Заўв. рэд.), там пра ногі нічога не сказана, забаранялася толькі становішча паўлежачы. Таму мы ўвесь час спрачаліся з супрацоўнікамі. Яны згаджаліся, сыходзілі, але потым нібы пра ўсё забывалі, і сітуацыя паўтаралася.
На Валадарцы такога негатыву ў бок людзей, якія сядзяць па палітыцы, не было. Дзесьці цябе маглі нават падтрымаць, сказаць: «Не хвалюйся». І гэта было важна. Увесь тэрмін тут я прабыла ў адной камеры. Узімку мы моцна мерзлі: суседзі, каб не грэць ваду, спускалі яе з батарэі, у выніку нашая была халоднай.
Харчаванне ўсюды так сабе. У КДБ ежа была вельмі тлустай. Там любілі даваць тушонку, напрыклад, тушонку з рысам. А на вячэру чаргавалі тры варыянты — малочны суп, бульбіна з кавалкам селядца або вялікая буракі і селядзец, усярэдзіне якога была ікра.
— Як праходзілі вашыя дні ў ізалятарах?
— На Валадарцы я прачыналася, а 6-й раніцы, піла каву і курыла, мылася, заўсёды фарбавала вейкі і наносіла тон. Для мяне гэта было важна. Па-першае, мне падабаецца добра выглядаць. Па-другое, гэта такая ўнутраная нязгода з тым, што адбываецца, якую ніхто не можа ў мяне забраць.
Потым пачыналася праверка. Далей — часам чытала, часам малявала, кожны дзень мы дзяжурылі — прыбіралі камеру. Мы шмат размаўлялі, глядзелі тэлек. Тэлевізар ішоў у нас амаль заўсёды, часам проста рабілі гук цішэй. Глядзелі цікавыя перадачы, напрыклад, «Арол і рэшка», адзін турэцкі серыял і навіны на розных каналах. Тады яшчэ выходзілі спецыяльныя рэпартажы і рубрыкі — пра самалёт (гаворка пра інцыдэнт з самалётам Ryanair. — Заўв. рэд.), «справу Аўтуховіча». Мы разумелі, што яны перакручваюць інфармацыю, але так даведваліся падрабязнасці нейкай чарговай справы.
— У такія моманты не было жадання плюнуць у экран?
— Часам вельмі хацелася, асабліва калі бачыш у тэлеку нешта пра сябе ці, напрыклад, пра Марфу Рабкову, з якой я разам сядзела.
— Вы сказалі, што раніцамі курылі. А вашыя бацькі пра гэта ведалі?
— Не, хоць курыць я пачала яшчэ да затрымання. Тыдні два я збіралася з сіламі, каб папрасіць родных праз адваката перадаць мне цыгарэты. Перадача прыйшла хутчэй, чым ліст з рэакцыяй бацькоў на гэтую навіну. У ім яны казалі, што занепакоеныя, як гэта адаб’ецца на маім здароўі, але гэта мой выбар. У адказе я патлумачыла, што не магу па-іншаму, і паабяцала па выхадзе кінуць.
— Складана было жыць без сацсетак?
— Часам было адчуванне, што тэлефон ляжыць побач і вібруе (смяецца). Хацелася навіны пачытаць, пагутарыць з блізкімі. Гэтага катэгарычна не хапала.
— Вы былі на прафуліку па экстрэмізме?
— Так, у дзень, калі нам вынеслі прысуд, на Валадарцы на прафулік, здаецца, вырашылі паставіць усіх, хто сядзіць за палітыку. Хоць некаторыя там былі і раней. Але тады палітычныя займалі некалькі прадолаў. Уздоўж сцен можна было сустрэць усіх знаёмых і незнаёмых людзей. Мы заходзілі па чарзе ў кабінет, дзе сядзеў начальнік СІЗА. «Вас паставілі на прафілактычны ўлік па катэгорыі „экстрэмізм“», — патлумачыў ён мне і нават не спытаў, ці згодная я. Проста: апавешчаныя, распісвайцеся — і ўсё. У той дзень у мяне было кароткае спатканне з роднымі, таму я хутка распісалася і пайшла да іх.
Наступствы прафуліку — частыя праверкі, асабліва ў гомельскім СІЗА. Трэба было пастаянна здаваць рапарт, то-бок называць прозвішча, імя, год нараджэння, артыкулы, тэрмін і катэгорыю прафуліку. Калі не скажаш, то будзе яшчэ адзін рапарт. Часам яны проста зазіралі ў «кармушку» і казалі: «Прафулік». Ты падыходзіш і расказваеш.
«Нашае непрызнанне віны — гэта быў наш пратэст, нашая апошняя акцыя»
— Судзіць вас пачалі ў траўні 2021-га. Самым цяжкім і ў той жа час жыццесцвярджальным стаў дзень, калі ўсе, хто праходзіў па «справе студэнтаў», выступілі з апошнім словам. Амаль усе, у тым ліку вы, не прызналі віну, хоць на той момант некаторыя з «палітычных» ужо ішлі на гэта, каб атрымаць меншы тэрмін. Чаму вы так зрабілі?
— Спачатку я адчувала ў сабе мяккацеласць, але потым калонія ўжо перастала быць рычагом ціску. Калі ў першы дзень нас прывезлі ў суд, амапавец, які нас вёў, сказаў: «Вось будзеце нам пагоны шыць». Гэта ўжо не гучала так страшна. Да паседжання я пагаварыла з адвакатам, і мы вырашылі: нас або апраўдаюць, або адправяць у калонію. Мяркуючы па тым, як паводзіў сябе суд, абвінавачанне і нават канваіры, мы рыхтаваліся на пазбаўленне. Ды і навошта прызнаваць віну, калі я лічыла сябе невінаватай?
Мы чулі і слухалі не толькі тых, хто ў зале. Нам расказвалі, што ў дні працэсаў людзі збіраліся ля будынка суда. Многія сачылі за гэтай справай, і я адчувала нейкую адказнасць. Нашае непрызнанне віны — гэта быў наш пратэст, нашая апошняя акцыя. Нягледзячы на вонкавыя абставіны, я адчувала сябе свабоднай.

— А як паводзіліся суд і канваіры?
— Суддзя адно за адным адхіляла ўсе нашыя хадайніцтвы, не звяртала ўвагі на факты, якія сведчылі пра невінаватасць, а канваіры забаранялі нам браць сваю ваду і ежу. Калі мы запатрабавалі піць, нам далі адзін пластыкавы кубачак на ўсіх. На пытанне «А дзе вада?» адказалі: «У кране, у прыбіральні». Калі, на іх думку, мы «кепска сябе паводзілі», нас каралі і ў перапынках паміж паседжаннямі праводзілі ператрусы. Нягледзячы на тое, што працэсы ішлі з раніцы да вечара і ў камеру я прыходзіла ў 18.00−20.00, днём гарачае харчаванне мы пачалі атрымліваць толькі праз тыдзень. А да гэтага ў СІЗА выдавалі з сабой бутэрброды з кавалачка хлеба і варанай каўбасы або варанай курыцы.
— Як адрэагавалі на прысуд на 2,5 года?
— Палічыла, што, калі адняць тэрмін, які правяду ў СІЗА да апеляцыі, у калоніі застанецца прабыць столькі, колькі я ўжо адседзела. Да таго ж тады ўсе казалі, што ніхто з палітычных не даседзіць да канца.
— Калі ўсвядомілі, што даседзець усё ж давядзецца?
— Напэўна, толькі пад канец тэрміну. А да гэтага была надзея. Гэта па-першае. А па-другое, з’яўляліся неадназначныя навіны… Напрыклад, інцыдэнт з Макеем, пачатак вайны ва Украіне, санкцыі. З кожным пакетам (шостага мы чакалі даўжэй за ўсё) здавалася: цяпер дакладна ўсё скончыцца. Гэтая надзея ў мяне застаецца і цяпер, хоць я ўжо і выйшла. Чаму? Таму што ў СІЗА і калоніях сядзіць столькі выдатных людзей, якія наогул не павінныя бачыць гэтых месцаў. А каму-небудзь з іх яшчэ паўгода, тры, а камусьці дзесяць.
— Як вы ставіцеся да ініцыятывы родных некаторых палітвязняў пайсці на перамовы з уладай, каб вызваліць блізкіх?
— Калі ты за кратамі, ты не можаш кантраляваць дзеянні сваіх родных. Калонія — месца, якое робіць людзей сузалежнымі. З гэтым ёсць вельмі вялікая праблема. Родныя заўсёды хочуць зрабіць як найлепш, але большасць «экстрэмістаў», з якімі я сядзела, не ідзе на перамовы. Я б не бралася так казаць, калі б мы гэта не абмяркоўвалі. Пагадзіцеся, калі я хачу з кімсьці пагаварыць, я не мушу замыкаць гэтага чалавека ў пакоі, пагражаць роднымі, блізкімі, каб чалавек зрабіў па-мойму. Наадварот, трэба дабіцца павагі і даверу гэтага чалавека, каб ён бачыў рэзон. У іншым выпадку гэта не перамовы, а ілюзія.
Большасць «экстрэмістаў» імкнецца не прагінацца пад унутраную ўладу, пад адміністрацыю калоніі. Пагрозы зрабілі іх мацнейшымі і падаграваюць яшчэ больш. У выніку ўсё, што застаецца адміністрацыі калоніі — гэта ціснуць на «экстрэмістаў» праз самае балючае — родных і блізкіх.
— Што вы маеце на ўвазе?
— У снежні 2021 года ўсіх пачалі пастаянна выклікаць на гутаркі, прапаноўваць напісаць прашэнне пра памілаванне. Часам розныя аддзелы адміністрацыі выклікалі адных і тых жа людзей па некалькі разоў на дзень. Склалася адчуванне, што ў калонію паступіў загад зверху.
Да таго ж, калі такую паперу пісаў хтосьці, хто сядзіць па іншым артыкуле, у яго то бланкаў не хапала, то гарантыйных лістоў. У палітычных магло не быць і паловы патрэбных дакументаў, але ў іх усё прымалі і закрывалі вочы на адсутныя паперы.
— Вам прапаноўвалі напісаць на памілаванне?
— Так, і віну прызнаць, і памілаванне напісаць. Гэта было ўжо ў калоніі. На памілаванне я не напісала, але віну прызнала.
— Чаму?
— Мяне шэсць разоў за год пераводзілі з атрада ў атрад, а гэта велізарны стрэс: новыя людзі, умовы, парадкі, аператыўныя куратары, растанне з сяброўкамі-«экстрэмісткамі», а яшчэ новая брыгада, дзе даводзілася вучыцца шыць зусім іншую прадукцыю. Паралельна супрацоўнікі калоніі ціснуць на асуджаных, каб яны ціснулі на цябе. Мой першы перавод, напрыклад, зрабілі для таго, каб дзяўчаты з суседняга атрада, якія ўжо напісалі на памілаванне, пераканалі і мяне гэта зрабіць. Яны мне прызналіся. Яшчэ адной асуджанай, з якой я размаўляла, аператыўнік сказаў пераканаць мяне напісаць прашэнне, інакш у нас з ёй знойдуць шмат парушэнняў.
Такі ціск адчувалі амаль усе палітычныя. Некаторым акрамя гэтага падкідвалі таблеткі, лёзы, іголкі і іншыя забароненыя прадметы. Часам прыязджалі прадстаўнікі пракуратуры і іншых ведамстваў і выклікалі «экстрэмістак» на гутаркі, дзе гаварылі пра прашэнне на памілаванне.
Аператыўны куратар, за якім у калоніі я была замацаваная, вельмі любіў абмяркоўваць са мной мае парушэнні ПУР, знаходзіў у мяне ўсякія касякі- то не так курыла, то гузік не так зашпіліла, то не тое абмяркоўвала. Пагражаў ШІЗА, пазбаўленнем спатканняў, перадач. У яго былі вельмі дзіўныя размовы. Ён любіў пытацца пра родных. Я не вытрымала. Прызнанне віны, якое я напісала ў студзені 2022-га, — гэта была надзея, што ад мяне адчэпяцца, але яна не апраўдалася.
— Калі вы пачалі гаварыць пра прызнанне віны, у вас нават голас змяніўся.
— Для мяне гэта быў момант слабасці. Прызнанне мне нічога не дало, але я адчуваю, што здрадзіла сабе. Пасля гэтага на некаторыя рэчы я пачала агрэсіўней рэагаваць і часцей выходзіць на канфлікты, у тым ліку з супрацоўнікамі калоніі. Асабліва калі гаворка ішла пра нешта абсурднае. Думаю, так я спрабавала кампенсаваць свой учынак. Плюс чым бліжэйшае вызваленне, тым складаней чакаць.
«Непалітычным дзяўчатам пагражалі, што, калі будуць са мной камунікаваць, у іх знойдуць парушэнні»

— Што вы рабілі ў калоніі?
— Шыла шапкі, курткі, штаны.
— Для каго?
— Для міліцыі, Міністэрства абароны. Для вайскоўцаў шылі ветрадзьмуйкі. Нядаўна гугліла, што такія носяць расійскія вайскоўцы.
— Перасмыкнула?
— Яно кожны раз перасмыкае.
— Вайна пачалася, калі вы былі ўжо ў калоніі. Ці змяніла гэта жыццё ўстановы?
— У калоніі было нібы табу на гэтую тэму. Супрацоўнікі яе не абмяркоўвалі. У самой установе сярод іх сталі часцей праводзіцца нейкія ўнутраныя вучэнні. Напрыклад, што рабіць, калі асуджаныя ўцякаюць. Перад званкамі родным нам казалі: «Нават не думайце пытаць пра Украіну. Ніякіх навін. Толькі пра прыроду, надвор’е, і як там вашыя блізкія». Папярэджанні агучваліся з напружаннем у голасе. Званкі слухалі аператыўнікі, начальнік атрада. Яны быццам спрабавалі цалкам адгарадзіць нас ад гэтых навін.
Асуджаныя ж усё гэта паміж сабой абмяркоўвалі. Многія верылі таму, што паказваюць па тэлевізары. З іх боку былі непрыемныя каментары: нашыя артыкулы (палітычныя. — Заўв. рэд.) многія не любілі, часам выказвалі гэта асабіста. Некаторыя, правакуючы нас, спецыяльна хвалілі ўлады Беларусі і Расіі, гэта вельмі раздражняла. Пайшлі чуткі, што калонія пяройдзе на ўзмацненне. Балбаталі, што на карце мы падпісаныя як рэжымны аб’ект — і, калі ў Беларусь будзе прылятаць, то па рэжымных аб’ектах, а значыць, і па нас. Не сказаць, што мы ў гэта верылі, але напружанне было. Да таго ж, хоць палёты ўжо былі забароненыя, мы чулі, як над горадам лёталі самалёты і часам верталёты.
— А стукачоў да вас падсаджвалі?
— У СІЗА ў маёй камеры іх, здаецца, не было, але гэта не даказана. А ў калоніі, здавалася, яны ўсюды. Там нават былі людзі, пра якія казалі: «Гэта стукачка, з ёй не размаўляй». Але ўвогуле я не спрабавала даведацца, хто менавіта стукае, бо калі гэта не зробіць адзін, то зробіць іншы. Гэта немагчыма кантраляваць. Супрацоўнікі калоніі любяць рабіць так, каб недавер з’яўляўся ва ўсіх і да ўсіх.
Неяк, калі аператыўны супрацоўнік не пусціў мяне размалёўваць памяшканне, дзе зняволеныя тэлефануюць родным (афіцыйна, на просьбу начальства я і яшчэ некалькі студэнтаў распісвалі сцены перад прыездам нейкай камісіі), мы ціха ў вельмі вузкім коле пажартавалі, маўляў, ён так сябе паводзіць, быццам думае, што мы калонію можам падарваць. Зразумела, гэта быў жарт. Пазней падчас гутаркі гэты аператыўнік у мяне спытаў: «Вы што, калонію збіраецеся падарваць?» Яны кожны раз дэманстравалі, што нас слухаюць, што сярод нас здраднік. Каля гуртка заўсёды былі іншыя зняволеныя, яны і расказалі, таму што «экстрэмісткі», з якімі я камунівала ў калоніі, — гэта самыя ўстойлівыя людзі, якіх я сустракала.
— У калоніі вы перасякаліся з Марыяй Калеснікавай? Як яна?
— Яна вельмі натхняла. Яе швейная машынка стаіць пад самай відэакамерай, і без дазволу начальніка цэха ці майстра нікому нельга за яе садзіцца. Яшчэ да Машынага прыезду ў калонію з атрада, дзе яна мусіла быць, прыбралі ўсіх «экстрэмістаў» і сталі пераводзіць туды людзей з рэпутацыяй чалавека-падставы. Быў выпадак, калі асуджаная з такой рэпутацыяй ненадоўга папрасіла ў Марыі гадзіннік. І тут адразу ж з’явіўся аператыўны супрацоўнік і знайшоў яго. Усё было спланавана. Паводле ПУР, перадаваць рэчы нельга, таму яны абедзве атрымалі рапарт, але тую дзяўчыну не пакаралі, а Марыю пазбавілі спаткання. Праз адну з падставаў яна нават у ШІЗА сядзела.
Мне здаецца, у калоніі так баяцца, што іншыя «экстрэмісты» пачнуць з ёй камунікаваць, што зрабілі з яе нешта накшталт бомбы, знаходзіцца побач з якой небяспечна для ўсіх. Магчымыя зносіны з ёй кантралююць, таму ні мы, ні Марыя стараліся не падстаўляць адна адну: проста падміргвалі пры сустрэчы, усміхаліся. Калі заўважалі, што ў яе нафарбаваныя вусны, гэта падымала настрой. Хоць многіх асуджаных, якія не па палітыцы, гэта раздражняла. «Фу, зноў нафарбавалася», — казалі яны, а мы гэтым захапляліся.
— Супраць вас у калоніі настройвалі людзей?
— Непалітычным дзяўчатам пагражалі, што, калі будуць са мной камунікаваць, у іх знойдуць парушэнні. Адну з дзяўчат, з якой мы сябравалі і ў якой у доме дзіцяці калоніі быў малы, папярэдзілі: будзе кантактаваць са мной — не зможа бачыцца з дзіцем. Ад гэтай сітуацыі было балюча. Усё ж такі гэта вельмі брудна.
Праз дзень пасля майго пераводу ў новы атрад аператыўны супрацоўнік сабраў усіх асуджаных, з кім я была да гэтага, і заявіў, што ў мяне знайшлі рэчы адной з іх — і на дзяўчыну складуць спагнанне. Хоць у мяне ўсё ляжала паводле вопісу. Ды і яны нават не шукалі. Гісторыю выдумалі. Але дзяўчынка перастала са мной гаварыць.
Праз такі ціск некаторыя пераставалі камунікаваць без папярэджання, іншыя выбачаліся: «Маша, даруй», — і прапаноўвалі больш не курыць побач і не размаўляць. Я да гэтага ставілася з разуменнем. Былі і тыя, з кім я вельмі добра кантактавала.
— Як вас змяніла зняволенне?
— На мяне моцна паўплывалі Марфа Рабкова і Тоня Канавалава, Іра Шчасная, з якімі я сядзела. Яны сталі для мяне прыкладам стойкасці. Дзякуючы ім я, напэўна, стала мацнейшай.
— Пасля вызвалення вы ўжо сустракаліся з іншымі хлопцамі і дзяўчатамі, з якімі праходзілі па «справе студэнтаў»?
— З некаторымі мы бачыліся ў Літве.
— А з Глебам Фіцнерам?
— З ім я пакуль не паспела сустрэцца. Хачу сказаць, што ўсе, хто праходзіў па «справе студэнтаў», вельмі моцныя людзі. Я ўсіх вельмі паважаю і радая, што пазнаёмілася з імі, мы многае прайшлі разам і заўсёды адно аднаго падтрымлівалі і падтрымліваем дагэтуль.
— Чаму вы вырашылі з’ехаць з Беларусі?
— Я не адчувала сябе ў бяспецы. Цяпер я вельмі хачу зноў удзельнічаць у жыцці краіны. Спрыяць таму, каб Беларусь стала новай Беларуссю. Чаму? Таму што хачу мець магчымасць вяртацца дадому — туды, дзе мая сям’я, сябры. Хачу мець права працаваць на любой працы ў Беларусі, а не толькі на той, куды мяне возьмуць з судзімасцю.
— Не задумваліся, чаму пратэст сышоў на нішто і нічога не атрымалася?
— Яно дакладна атрымалася. Многія наіўна думалі, што ўсё хутка зменіцца, але нельга лёгка выкарчаваць такія глыбокія карані. Магчыма, трэба было быць больш рашучымі і жорсткімі, але як адбылося, так адбылося. Але калі б адны людзі не выйшлі і іх не пачалі б збіваць і саджаць, у іншых не з’явілася б у галаве зерне сумневу. Цяпер, думаю, яно ўсё яшчэ прарастае.
— Ну і апошняе. Ці выканалі вы абяцанне, якое далі бацькам: кінулі курыць?
— Не яшчэ, кепска атрымліваецца (смяецца).