Сёння, 21 красавіка, у Мінскім абласным судзе, дзе праходзіць суд па «справе NEXTA», пачаліся спрэчкі бакоў. Пракурор папрасіла тэрміны для фігурантаў, перадае Sputnik.

Пракурор Наталля Сакалова папрасіла для Сцяпана Пуцілы 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, для Яна Рудзіка — 19 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, для Рамана Пратасевіча — 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Таксама пракурор папрасіла суд адмяніць Пратасевічу меру стрымання ў выглядзе хатняга арышту і ўзяць яго пад варту ў зале суда пасля вынясення прысуду.
Цяпер у судзе чакаюцца выступленні адвакатаў і апошняе слова Пратасевіча.
Суд па «справе NEXTA»
Паводле версіі абвінавачання, фігуранты ў розны час з 2020 года, знаходзячыся пераважна ў Польшчы, выконваючы «агульны план змовы з мэтай захопу дзяржаўнай улады ў Беларусі неканстытуцыйным шляхам, рэалізуючы ролі і задачы кіраванай устойлівай групы, якая ўзначальваецца імі, апублікавалі ў сетках каналаў NEXTA і „Беларусь галаўнога мозгу“ інфармацыйныя матэрыялы, якія маюць дэструктыўныя мэты. Акрамя таго, абвінавачаныя заклікалі пратэсна настроеных грамадзян здзяйсняць акты тэрарызму».
Нагадаем, суд па «справе NEXTA» пачаўся 16 лютага. Сцяпана Пуцілу і Яна Рудзіка судзяць завочна, Раман Пратасевіч прыходзіць на паседжанні ў якасці абвінавачанага. 7 красавіка пракурор агучыла суму шкоды па гэтай справе — не менш за 30 мільёнаў рублёў.
Таксама тром фігурантам выставілі новае абвінавачанне.